Euronews прапанаваў новыя ўмовы супрацы, МТІС у адказ маўчыць

120110 Luka6uk Euronews.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, канал Euronews прапанаваў “Мінскім тэлевізійным інфармацыйным сеткам” асаблівыя ўмовы супрацоўніцтва. Адпаведны ліст пасля тэлефонных перамоваў дыстрыб’ютар канала на тэрыторыі краін СНД Юлія Сільверстава накіравала кіраўніцтву МТІС некалькі дзён таму. Адказу з Мінска пакуль няма.


Юлія Сільверстава: “Мы размаўлялі з імі на мінулым тыдні. Але дэталі перамоваў я вам не магу казаць. Мы спадзяемся, што будзем у Беларусі на МТІС ізноў, але я не ведаю, што яны нам у выніку адкажуць і што будзе далей”.


Нагадаю, трансляцыя незалежнага канала навін Euronews прадпрыемствам “Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі” была спыненая 1 студзеня ў 0.02. Замест Euronews мінчукам пачалі паказваць канал "НТВ+ Кіно плюс".


У размове з Еўрарадыё кіраўнік аддзела маркетынга МТІС Максім Дубовік прычынай адключэння называў фінансавыя спрэчкі з праваўладальнікамі гэтага канала на тэрыторыі Беларусі. З новага года кошт рэтрансляцыі значна вырас.


Зараз у МТІС прызнаюць, што прапановы з Ліёна аб супрацы атрымалі. Але калі дадуць адказ і якім ён будзе, Максім Дубовік не кажа. І адмаўляецца паведамляць, наколькі прапановы дыстрыб’ютара Euronews цікавыя для сталічнага прадпрыемства.


Максім Дубовік: “Гэта камерцыйная інфармацыя для таго, каб адной фразай ацаніць змест ліста. Мы разглядаем гэты ліст, але для таго, каб рабіць нейкія высновы, аднаго ліста... гэта занадта шматграннае пытанне, каб адказваць на яго вось так проста”.


Даведаўшыся 3 студзеня ад Еўрарадыё, што права на трансляцыю Euronews МТІС набываў у расійскага прадстаўніка, Юлія Сільверстава здзівілася, чаму беларусы не звярталіся наўпрост у цэнтральны офіс.


Юлія Сільверстава: “Я не ведала, пра якога расійскага прадстаўніка ідзе гаворка. Бо ў нас ёсць свой агент у Расіі, але апынулася, што гэта іншы партнёр быў, яны (МТІС — Еўрарадыё) казалі пра іншага партнёра”.


У МТІС жа ад любых каментароў на гэтую тэму адмаўляюцца. Як і не кажуць, ці варта чакаць, што да канца студзеня Euronews вернецца.


Між тым, ва ўсіх астатніх рэгіёнах краіны — ад абласных гарадоў да невялікіх мястэчак — навіны ад Euronews даходзяць да гледачоў без праблем. Праўда, дзякуючы "Белтэлекаму".


“Мы заключалі дамову з тым прадстаўніком, які афіцыйным з’яўляецца дыстрыб’ютарам у краінах СНД. Ён адзіны на ўсе краіны СНД. І праз Расію сюды паступае канал”, - патлумачыла прадстаўніца "Белтэлекама" Вольга Віткоўская.


І ўжо з Мінска кампанія "пераразмяркоўвае" Euronews па рэгіёнах. Бо, кажа Вольга Віткоўская, яны — адзіная кампанія, якая транслюе свае паслугі на ўсю рэспубліку. Праўда, падрабязнасцямі кантракта паміж беларускім прадпрыемствам сувязі і расійскім дыстрыб’ютарам Euronews падзяліцца адмовілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі