Фёдар Жывалеўскі: Хачу рабіць літаратурныя рэчы, а не прымітыўны панк-рок
Лідар гурта "Голая манашка" распавёў Еўрарадыё пра сваё жыццё за кратамі, тамтэйшы ансамбль, змены ва ўласнай творчасці і новы музычны праект.
Лідар гурта "Голая манашка" Фёдар Жывалеўскі нарэшце вярнуўся з месцаў зняволення, дзе адбыў два гады з трох за нейкія там справы з наркотыкамі. У інтэрв'ю Еўрарадыё ён распавёў пра сваё жыццё за кратамі, тамтэйшы ансамбль, змены ва ўласнай творчасці і новы праект сумесна з музыкамі гурта "Мутнае вока".
Пачнем з таго, як ты зараз сябе адчуваеш. Калі ты выйшаў, дзе сядзеў ды з кім?
Фёдар Жывалеўскі: Выйшаў я 26-га ліпеня, крыху раней, чым чакаў. Давялося папсаваць сабе нервы, каб адпусцілі раней, і, як высветлілася, такое магчыма. За ўвесь час — два гады і месяц — я мог бы адзначыць некалькі сустрэч. Першая сустрэча была з Аўтуховічам. Гэта быў 2009 год, 14-я камера на Валадарскага. Калі мы пазнаёміліся з Мікалаем, у яго была параноя. Калі мы хадзілі гуляць у дворык, ён не мог са мной нармальна размаўляць, яму ўвесь час здавалася, што паўсюль мікрафоны. Я задаваў яму нейкія пытанні, і ён увесь час пужаўся гэтых пытанняў, таму прыйшлося звесці ўсё да бытавых момантаў. Ну і напрыканцы ўжо, мабыць, у апошні тыдзень, прыгледзеўшыся адзін да аднаго, змаглі падняць некаторыя пытанні, але каротка. З гэтым чалавекам мы прабылі тры месяцы ў адной камеры. Пачынаючы з гэтага знаёмства можна сказаць, што маё жыццё пайшло ў іншым накірунку. З'явіліся новыя інтарэсы, я пачаў па-іншаму глядзець на тое, што адбываецца вакол мяне. Калі спачатку усё было весела, то ўжо пасля мне гэта вясёлым не здавалася. Я глядзеў на тое, што робіцца, як у нашай краіне міліцыя зарабляе грошы на людзях, на іхніх лёсах, як робіцца кар'ера. Усё гэта вельмі непрыемна бачыць і чуць. Пасля чаго я паехаў на такі рэжымны аб'ект, як калонія №1, дзе пазнаёміўся з начальнікам гэтай калоніі... праз 15 сутак ізалятару за тое, што зрабіў заўвагу, што ён ненарматыўную лексіку ўжывае. Карацей, гэта мне вылілася 15-ю суткамі вільготнага ізалятару.
Дык а што змянілася? Раней ты быў такім панк-рокерам — а зараз што?
Фёдар Жывалеўскі: Змянілася... аптымізм недзе знік, знікла былая эйфарыя, засталося жаданне заставацца сабой, да апошняга гэтым разам. Усе тыя ідэі, якія ёсць, яны застаюцца, проста глядзіш на гэта ўсё збоку. Калі ў цябе ёсць магчымасць працягваць, то ты будзеш працягваць. Мне здавалася, што мяне зменіць, што я буду нейкі іншы. Не! У мяне была нянавісць, я думаў, нянавісці не стане, але нянавісці стала яшчэ больш. І цяпер гэта не тая дзіцячая нянавісць, якую адразу паказваеш, а гэта ўжо сапраўды дарослая нянавісць. Наконт міліцыі і праваахоўгай структуры я магу сказаць проста: ніводны нармальны мужык не будзе працаваць на такой працы.
Калі ты выйшаў мінулы раз, у цябе было шмат музычнага матэрыялу. А зараз як?
Фёдар Жывалеўскі: Так, на базе калоніі №8 удалося папрацаваць у мясцовым клубе, працаваць даводзілася на заказ, але часам часу хапала на тое, каб займацца сваімі вершамі ды кампазіцыямі. Давялося нават пазмагацца за беларускую мову, бо адразу не хацелі, каб выконваліся песні на беларускай мове. Усё гэта прыйшлося рабіць праз царкву, праз людзей, якія там ужо пэўны час адбылі...
Атрымліваецца, што ты знайшоў там нейкіх музыкаў, сабраў бэнд...
Фёдар Жывалеўскі: Ну, гэта звычайны гурт на базе клуба ў калоніі. Хтосьці з рэстарана, хтосьці на вяселлях іграў. Узроставая катэгорыя розная. Складана працаваць у такім калектыве, але мы працавалі цэлы год, пакуль я там знаходзіўся.
А якія ў вас там інструменты былі?
Фёдар Жывалеўскі: Нармальныя інструменты былі, усё было як трэба і не панката! Хапала і апаратуры і інструментаў, галоўнае было працаваць, рабіць нешта. Гэта не тое, канешне, што мы тут для клубаў рыхтуем, там свой фармат...
Дарэчы, што ты меў на ўвазе, калі казаў пра працу на замову?
Фёдар Жывалеўскі: Патрабавалі беларускі радыёфармат. Пачынаючы ад Ціхановіча і працягваючы кім заўгодна.
Але сваё таксама выконваў?
Фёдар Жывалеўскі: Літаральна 15 адсоткаў рэпертуару.
Яшчэ да размовы Фёдар распавёў, што плэй-ліст песень, якія выконваліся на рэдкіх канцэртах у калоніі, складаўся кіраўніцтвам. Музыкам проста давалі запісы, яны іх здымалі, рэпетавалі і выконвалі. А яшчэ Фёдар распавёў, што вельмі складана выступаць перад асуджанымі, бо ад іх шмат патрабаванняў і кожнага трэба выслухаць ды хоць бы паспрабаваць выканаць яго пажаданні. Але ўсё ж вернемся да размовы.
Ці заўважыў ты пасля выхаду нейкія змены ў тым жа Мінску?
Фёдар Жывалеўскі: Асабліва не магу сказаць, што мяне нешта ўражвае, акрамя асабістых псіхалагічных праблем, звязаных з адаптацыяй і ўсім астатнім. Ну, канешне, калі ты два гады бачыш саўдэпію 20-гадовай даўніны, а потым вяртаешся ў свой час, то гэта выклікае шок.
Ты паспеў паслухаць якія-небудзь новыя папулярныя беларускія гурты? Што ўвогуле можаш сказаць пра апошнія змены на беларускай рок-сцэне, ці знайшоў нешта цікавае для сябе?
Фёдар Жывалеўскі: Я нічога не шукаў цікавага. Мне спадабаўся гурт "Аддис Абеба", але гэта ўжо не новае, я так думаю. Не спадалася мне, што ўжо няма такой каманды, як "ДетиДетей". У свой час слухаў нават там гэты гурт. Старымі рокерамі я ніколі не захапляўся, акрамя Змітра Вайцюшкевіча. Тое, што робіць Вайцюшкевіч, мне заўсёды падабалася, падабаецца і сёння. Нават можна было б нешта ўзяць ад яго, павучыцца чаму-небудзь.
Ці хадзіў ужо на які-небудзь канцэрт?
Фёдар Жывалеўскі: Не, пакуль не хадзіў.
А плануеш?
Фёдар Жывалеўскі: Пакуль нікуды не запрашаюць:).
Так разумею, што і кватэрнікаў ніякіх таксама не даваў?
Фёдар Жывалеўскі: Кватэрнікаў не выконваў, але была такая думка — паралельна з тым, як мы рыхтуемся да канцэрту, са Змушко Яўгенам зрабіць некалькі кватэрнікаў. Мабыць, нават напрыканцы гэтага месяца... Будзем пакідаць інфармацыю ў інтэрнэце.
Дарэчы, пра новы матэрыял, які ты пісаў там. Ці ёсць нейкія змены ў тым, што было раней і што ёсць зараз?
Фёдар Жывалеўскі: У мяне з'явілася жаданне рабіць больш літаратурныя рэчы, а не такія прымітыўныя панк-рокерскія, якіх зараз шмат. Была такая думка, што мала літаратурнай музыкі, якая магла б мець сапраўдную каштоўнасць для беларускай культуры. Каб на яе маглі звяртаць увагу не толькі людзі, якія маюць дачыненне да культурнага жыцця ў Беларусі, а таксама і маладыя людзі маглі звярнуць увагу. Зараз я шмат працую над тэкстамі, каб новыя былі якасныя менавіта ў літаратурным сэнсе — не камерцыйным, а літаратурным. Каб гэта было не сорамна выконваць. Такія вось змены.
А ў музычным сэнсе?
Фёдар Жывалеўскі: Ну, і ў музычным. Зараз больш звяртаем увагу на аранжыроўкі... Ужо шмат чаго дадалося. Тым больш, што ўжо даводзіцца браць кансультацыі ў студэнтаў музычнага вучылішча і акадэміі.
Зараз беларускі рок па гучанні вяртаецца да, скажам, класікі. Можа, і вы паспрабуеце нешта падобнае?
Фёдар Жывалеўскі: На маю думку, у беларускіх музыкаў ёсць адна агульная праблема — яны імкнуцца быць падобнымі да класікаў рок-н-ролу. Калі ўлічваць, што зараз ёсць такія магчымасці рабіць гук, і калі да гэтага падыходзіць з творчага боку, то ўжо не варта задавацца пытаннем, ці лепш мы гучым за Deep Purple, напрыклад. Я думаю, што асабліва музыкі, як творчыя асобы, павінны жыць з творчым пачаткам літаральна ва ўсім. Ставіць за мэту быць, як хтосьці, я лічу неразумным. Музыкі шмат, і нецікава слухаць адное і тое ж, асабліва калі гэта падсоўваецца як нешта сучаснае. Гэта я мякка кажучы намякаю на "Ляпис Трубецкой". Мы ведаем, што такую музыку купляюць, прычым больш за іншую музыку. Але навошта тады казаць, што мы займаемся творчасцю? Калі мы зарабляем грошы, то мы зарабляем грошы. Так склалася, што, калі мы зарабляем грошы, становіцца складаней. Але кожны робіць выбар сам. Сёння модны панк, а ў нас раманс.
Я так разумею, што мэту зарабляць грошы музыкай ты не ставіш?
Фёдар Жывалеўскі: І ніколі не ставіў.
То бок ты плануеш дзесьці працаваць, а музыка — гэта хобі?
Фёдар Жывалеўскі: Ну не зусім хобі. Калі ўлічваць, што я з 15 год на сцэне, а мне зараз 29, я б не сказаў, што гэта хобі: гэта ўжо вобраз жыцця.
Распавядзі пра тое, чым зараз займаешся.
Фёдар Жывалеўскі: У мяне ёсць калега, з якім мы зараз працуем над новай праграмай. Гэта Яўген Змушко — франтмэн гурта "Мутнае вока". І ў бліжэйшы час, думаю, верасень будзе адзначаны якім-небудзь мерапрыемствам.
Гэта будзе "Голая манашка" ці нешта іншае?
Фёдар Жывалеўскі: Гэта будзе сумесны праект "Голай манашкі" ды "Мутнага вока". Рэч у тым, што ўвесь гэты час некаторыя музыкі "Голай манашкі" працавалі з "Мутным вокам". Можна сказаць, у нас адзіны творчы калектыў і мы ўжо даўно працуем разам, пачынаючы з 2007 года. Увесь гэты час мы падтрымлівалі сувязь, таму гэта сітуацыя, якая склалася вельмі даўно".
Што адметнага можаш сказаць пра новую праграму, якую вы зараз пішаце? Чым зацікавіш?
Фёдар Жывалеўскі: Каб адразу ўсё стала зразумелым, у новай праграме, акрамя аўтарскіх песень, будуць кампазіцыі на вершы Багдановіча, Арсеньевай і Новіка-Пяюна. Калі гэта будзе магчыма, то зробім праграму канцэптуальнай. Маўляў, беларускі лёс, паказаць нейкі шлях, пачынаючы ад нефармальных пазіцый і да ідэй рэлігійнага характару.
У песнях прысутнічае рэлігія?
Фёдар Жывалеўскі: Прысутнічае. Нават можна сказаць, што некалькі вершаў будуць у выглядзе хрысціянскага рока. Гэта будзе не той хрысціянскі рок, які мы прызвычаіліся чуць, бо праз рэлігію нам таксама ідэалагічна нешта навязваюць, а, на маю думку, усё можа быць інакш.
А што наконт старых песень? Будуць яны выконвацца ці будуць перапрацоўвацца і з'явяцца ў іншым выглядзе?
Фёдар Жывалеўскі: Не, нічога перапрацоўвацца не будзе — і так ёсць, над чым працаваць. А так старыя песні, зразумела, возьмем. Ужо будуць улічвацца пажаданні тых людзей, якія будуць наведваць канцэрты.
Паводле тэкстаў песні зараз стануць сур'ёзнымі разважаннямі на філасофскія тэмы?
Фёдар Жывалеўскі: Калі ўлічваць, што і я, і Яўген захапляемся філасофіяй ды рэлігіяй, то разважанні будуць, толькі ўжо больш у дарослым фармаце. Каб гэта не выглядала, як 16-гадовыя фінты. У нас заўсёды прысутнічала філасофская база, яна і будзе прысутнічаць. Мы ўзялі такі пачатак і ад яго ўжо нікуды не адыдзем.
Зараз шмат размоваў сярод музыкаў пра тое, што працаваць немагчыма: маўляў, ці канцэрты забараняюць, ці ганарараў няма, ці публіка не ходзіць... Карацей, увесь час скардзяцца, што ў Беларусі жыццё музыкаў хрэновае. Некаторыя плануюць увогуле з'язджаць. А што ты на гэты конт думаеш? Не ўзнікала такіх жаданняў?
Фёдар Жывалеўскі: Думаю, што яны там у нейкай іншай краіне нікому непатрэбныя. Нахрэна ездзіць у Польшчу, Украіну, Расію? Гэта можна рабіць час ад часу, але там сваіх хапае, гэта раз. Два — калі нешта не падабаецца, дык не займайцеся гэтым. Займайцеся гэтым так, як вы можаце гэтым займацца. А енчыць, што не хапае грошай ці ўмоваў... Калі б класікі, на якіх сучасныя музыкі моляцца, думалі пра гэта, то, мабыць, не было б ні класікі, ні сучаснай музыкі. Я мала ведаю такіх класікаў рок-н-рола, якія б пачыналі з нейкай камерцыйнай базы. Рабіце на тым, што ў вас ёсць. Калі не можаце, то, значыць, вы такія музыкі.
За гэтыя два гады, напэўна, публіка ўжо пазабылася пра "Голую манашку", і цалкам верагодна, што вельмі мала людзей будзе на вашым першым выступе...
Фёдар Жывалеўскі: Гэта не страшна! Я думаю, што калі тыя 500 чалавек збяруцца, з якімі падтрымліваецца сувязь у тым жа інтэрнэце, то гэтага ўжо хопіць для першага канцэрта.
А ты там падтрымліваў сувязь з прыхільнікамі?
Фёдар Жывалеўскі: Гэта незаконна — падтрымліваць сувязь па інтэрнэце, знаходзячыся ў калоніі, але я падтрымліваў. Дык вось, а калі збяруцца яшчэ тыя паўтары тысячы, якія ходзяць на "Мутнае вока", то гэта ўжо вышэй за дах.
Застаецца толькі пажадаць Фёдару хутчэй акліматызавацца і зноў загрымець на беларускай клубнай сцэне. За датамі выступаў сумеснага праекта "Голай манашкі" ды "Мутнага вока" мы будзем пільна сачыць і абавязкова своечасова паведамляць вам.
Фота з афіцыйнага сайта гурта