“Французскі скіна” для кітайскага студэнта — гэта… Францыск Скарына!

120913_martynovi4_zamegniki_0.mp3

Каля раскладу на філалагічным факультэце БДУ сустракаю кітайскага студэнта Дун Цзюньфэя. Хлопец вывучае расклад. Кожнае сваё пытанне паўтараю па некалькі разоў, бо будучы філолаг не адразу разумее:

Дэн Цзюньфэй: “Цяжкавата. Часам выкладчыкі гавораць вельмі хутка. Канспект весці звычайна не складана. Вельмі мала беларускіх сяброў, можа быць, таму, што мы дрэнна гаворым па-руску”.

На просьбу Еўрарадыё, паказаць канспект студэнт чацвёртага курса, адказвае, што не мае з сабой. І скардзіцца, што шмат пераздач. Вучоба для яго каштуе 2700 долараў у год. Для туркменаў, казахаў, кіргізаў, таджыкаў  — на 400 долараў танней. Для беларусаў – каля тысячы долараў.

Са студэнтамі з Туркменістану лягчэй, бо “носьбіты рускай мовы”. Студэнт філалагічнага факультэта БДПУ імя М. Танка — Джалаладзін адразу называе сваю спецыяльнасць.

“Руская філалогія. Нармальна, усё разумею. Самае складанае — мова. Даводзілася многа займацца. Пераздачы былі па літаратуры і псіхалогіі”, — расказвае будучы філолаг. І дадае, што з беларусамі тусуецца. Значыць, уліўся…

Выкладчыца рускай мовы з БДУ Кацярына раіць гаварыць з кітайцамі павольна, дакладна прамаўляючы словы. Тады зразумеюць.

“Усё упіраецца ў граматыку, бо размовай яны авалодваюць хутка. Летась адлічылі толькі аднаго студэнта, бо цалкам не разумею гаворку. Ён ведаў толькі асобныя словы. З Кітаю прыехаў. Туркменам прасцей, бо яны рускую, часам, у школе вучаць”, — тлумачыць выкладчыца Кацярына, якая працуе з замежнікамі.

Замежнікі, як і беларусы, афіцыйна могуць пераздаваць іспыт толькі тры разы… Але… на няведанне мовы робяць… зніжку! Пераздаюць і па 4 разы.

Канспекты замежнікі мусяць весці на рускай мове. За гэтым сочаць. А на іспытах кітайскія студэнты расказваюць пра “французскага скіну”.

Кацярына: “Студэнт першага курсу здаваў залік, ужо ў пяты раз. Кажу, абярыце любое пытанне. Той кажа, што ведае толькі пра “французскі скіна”. Пашкадавала яго, кажу — расказвай. І чую пра… Францыска Скарыну”.

Выкладчыца з БДПУ Анжэла Чуханава паспела прачытаць замежнікам толькі адну лекцыю па сучаснай рускай мове. Кітайцы запісалі некалькі словаў.

Анжэла Чуханава: “Сядзяць уперамешку, студэнтка з Туркменістану і поруч — беларуска. Цяжка, вядома, адно вока — у чужым канспекце. А кітайскія студэнты пару словаў толькі запісалі”.

Як паведамляла Еўрарадыё ў адным толькі БДУ вучыцца больш за 600 студэнтаў-туркменаў. І гэта толькі чацвёртая частка ад ўсіх студэнтаў-замежнікаў у гэтай ВНУ.

Фота: flikr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі