“Гэтым разам марозіва, куфары і трусы на Еўрабачанне мы не павязем”

Сёлета промапрадукцыя Анастасіі Віннікавай для “Еўрабачання-2011” будзе складацца са звычайных маек, значкаў, буклетаў і дыскаў. Паўсюль будзе фота спявачкі. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар тэлеканала АНТ Таццяна Курбат.

Таццяна Курбат: “Яны будуць выкананыя ў стылістыцы фотасесіі на урбаністычную тэму. Стала зразумела, што няма сэнсу вычварацца — вырабляць і везці туды марозіва, куфары, трусы і г.д… На выніку гэта ўсё адно ніякім чынам не адбіваецца”.


У проматуры Анастасіі Віннікавай усяго адна краіна — Галандыя. Тут склалася тая самая сітуацыя, што і з промапрадукцыяй, тлумачыць спн. Курбат:

“Як такога проматуру ў нас не было. У красавіку Насця ездзіла ў Галандыю на сустрэчу з іншымі краінамі... Яны выступалі ў Амстэрдаме, у іх была насычаная культурная праграма. І ў прынцыпе, на гэтым — усё. Нам падаецца, што проматуры ў апошнія некалькі год страцілі сваю актуальнасць. Людзі аддаюць перавагу даведвацца пра ўсе навіны, знаёміцца з песнямі, кліпамі і творчасцю выканаўцы праз інтэрнэт. Вельмі многія краіны адмаўляюцца цалкам ад проматураў. А тыя, хто ездзіць, — яны літаральна наведваюць 3-4 краіны максімум”.


Канцэпцыю фотасесіі Анастасіі Віннікавай прыдумала і выканала дызайнер Ганна Гарбачэўская. Яна ж распрацоўвала фірмовы стыль для мінулагодніх удзельнікаў “Еўрабачання” ад Беларусі. Нагадаем, летась гурт “3+2” заняў усяго 24-е месца… Чаму гэтым разам вырашылі ізноў звярнуцца да таго самага, не надта фартовага дызайнера?

Курбат: “Па водгуках іншых краінаў і дэлегацый, якія былі летась у Нарвегіі, стала зразумела, што наша промапрадукцыя была адной з самых арыгінальных і якасных. Таму тут увогуле няма ніякай узаемасувязі — якую промапрадукцыю прывезлі і якое месца занялі.

А што датычыцца Ганны — у яе вялікі досвед распрацоўкі промапрадукцыі фірмовага стылю для ўдзельнікаў "Еўрабачання". У яе цудоўна гэта атрымліваецца. Яна і распрацоўвае сама, выступае як дызайнер, і фатаграфуе сама… Нас радуе тая якасць, якую яна нам забяспечвае”.


Конкурс песні “Еўрабачанне-2011” пройдзе ў Германіі з 10 па 14 мая. Анастасія Віннікава выступіць у другім паўфінале пад нумарам 16 з песняй "I love Belarus".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі