Грузчыкі судзяцца з Полацкім вінаробчым заводам

Грузчыкаў вінаробчага заводу Дзмітрыя Сянькова і Віктара Раслянкова, якія актыўна стваралі пярвічку Свабоднага Прафсаюзу на Полацкім вінаробчым заводзе, звольнілі. За гады працы на прадпрыемстве да іх не было ніякіх прэтэнзій з боку адміністрацыі. Аднак як толькі грузчыкі паспрабавалі стварыць незалежны прафсаюз, то на працягу аднаго тыдня атрымалі тры вымовы і былі звольненыя, расказвае намеснік старшыні Свабоднага Прафсаюза і яго каардынатар па Віцебскай вобласці Мікалай Шарах:

Дзмітрый Сянькоў і Віктар Раслянкоў — гэта людзі, якія былі ініцыятарамі стварэння Свабоднага прафсаюза на Полацкім вінаробчым заводзе, яны працавалі на гэтым прадпрыемстве і мелі толькі станоўчыя характарыстыкі ад адміністрацыі, мелі ўзнагароды ў выглядзе грамат, прэмій. Але з таго моманту, як яны сталі ўдзельнікамі Свабоднага Прафсаюзу, яны зрабіліся, нібыта, дрэннымі работнікамі. На працягу аднаго тыдня ім былі вынесеныя дзве вымовы, а пасля трэцяй іх звольнілі з прадпрыемства.

Вымовы грузчыкі атрымалі, нібыта, за прагулы, але насамрэч актывісты адмовіліся ехаць на працу ў калгас на месяц. Накіроўваючы актывістаў ў такую камандзіроўку, адміністрацыя спрабавала ізаляваць іх ад калектыву і перашкодзіць стварэнню свабоднага прафсаюза на прадпрыемстве, працягвае Мікалай Шарах:

Перашая вымова была вынесеная па прычыне таго, што яны 20 хвілінаў былі за брамай прадпрыемства і не выконвалі сваіх працоўных абавязкаў. Другая і трэцяя вымовы аднолькавыя і прычыны таксама – гэта адмова ехаць ў камандзіроўку, у якую наймальнік адпраўляў іх на месяц. І ў аднаго, і ў другога былі сур’ёзныя прычыны, каб адмовіцца ад гэтай камадзіроўкі.

 

Мікалай Шарах кажа, што цяпер ацэньваецца, наколькі гэтае накіраванне можна лічыць камандзіроўкай, і ці сапраўды праца грузчыкаў у калгасе была на той момант патрэбнай. Больш за тое, у такую ж камандзіроўку прадпрыемства адправіла яшчэ 4-х працаўнікоў і яны праз 3 дні вярнуліся, бо калгасу не былі патрэбныя.

Цяпер звольненыя грузчыкі праз суд дамагаюцца аднаўлення на працы, выплаты за вымушаныя прагулы, а таксама патрабуюць па 10 мільёнаў кампенсацыі маральнай шкоды кожны.

Рубрыка „Самаабарона” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі