HAQuartet: Задача — не проста граць, а выпрацаваць свой стыль

Акрамя таго, квартэт прэзентуе трэці трэк са свайго дэбютнага мульці-сінгла. Чытаем і глядзім!

Еўрарадыё: Аганес, у які момант ты адчуў, што гурт Morfe 'не спраўляецца з увасабленнем ўсіх тваіх ідэй?

Аганес Аванесян:
Мінулай восенню мы былі на юбілейным фестывалі "Джаз-Кактэбель". І мне пашчасціла наведаць канцэрт The Cinematic Orchestra і пагутарыць з музыкамі. Гэты энергетычны пасыл для мяне аказаўся вельмі важны. Вельмі. І, мабыць, мора, сонца, восеньскі Крым таксама зрабілі сваю справу... Адна з кампазіцый, якую мы граем, ужо тады ўзнікла ў галаве. Але калі мы вярнуліся ў Менск, і я пачаў усё гэта аналізаваць і нешта адлюстроўваць на камп’ютары, я зразумеў, што гэтая музыка іншая. І будзе вельмі няправільна, маючы нейкі праект, спрабаваць нацягнуць на яго гэтую музыку. Вось тады і ўзнікла ідэя, што, верагодна, гэта будзе новы праект. Верагодна, квартэт. І, верагодна, — з раялем.

Еўрарадыё: Косця, што цябе прыцягнула ў праект?

Канстанцін Гарачы:
Я заўсёды выслухваю прапановы, якія зыходзяць з творчага боку, не толькі з камерцыйнай. Калі чалавек можа прапанаваць свежы прадукт — гэта ўжо цікава. І ў гэтым выпадку можна не толькі дапамагчы і нешта прыўнесці, а і самому навучыцца, атрымаць дывідэнды ў твора-прафесійным плане. Калі я паслухаў музыку, якую мне даслаў Аганес, я зразумеў, што праца ўжо праведзеная. Што патрэбны мой удзел у нейкім творчым ключы, не звязаным са стварэннем музыкі. Хоць, яно ў любым выпадку звязана са стварэннем.

Аганес Аванесян: Я не зусім з табой згодны. Мы сапраўды зрабілі нармальную працу, каб рытмічны складнік праекта меў сур'ёзную цікавасць. Каб гэта было канкурэнтаздольна ў сусветным плане. Каб гэта было цікава граць і слухаць. Але асноўная задача Косці — сваёй імправізацыяй, сваёй манерай грання ўзбагаціць тую базу, якую мы стварылі. Гэта можна параўнаць з каменьчыкам, які чакае апраўлення.

Еўрарадыё: Якая роля астатніх музыкаў у праекце? Гэта акампануючы склад або паўнавартасная калабарацыя?

Аганес Аванесян:
Гэта ж квартэт — тут кожны як на далоні! Таму ад кожнага залежыць вельмі многае. Напрыклад, чаму я запрасіў Аляксандра. Мне вельмі падабаецца яго адчуванне груву. Ён умее быць нешматслоўным. А ў гэтым праекце гэта і патрэбна. Мы будуем гіпнатычны бас з мінімальнымі нотамі і малюнкамі. Але тым не менш усё дыхае і не рассыпаецца.

Еўрарадыё: Наколькі важная імправізацыя ў музыцы HAQuartet?

Канстанцін Гарачы:
У мяне, напрыклад, задача ў гэтым праекце імправізаваць ў прынцыпе. Гэта значыць, як мага менш граць фіксаванага музычнага матэрыялу, каб гэта быў элемент, які стала змяняецца. Тое, што грае Аганес, гэта такое дакладнае яго эмацыйнае адлюстраванне. І часта атрымліваецца, што нібыта мы гаворым, прычым, адначасова, і гэты размова мае нейкі сэнс. Я лічу, што ў гэтым напрамку яшчэ ёсць куды рухацца. І я вельмі рад, што ў нас ужо ёсць пачатковы прадукт — аўдыё і відэа, ёсць пра што весці гаворку. Але мне хацелася, каб праект развіваўся менавіта ў імправізацыйным плане, каб музыка набывала больш агульны імправізацыйны характар.

Еўрарадыё: У Косці ёсць уласныя творы. Якая верагоднасць, што яны трапяць у рэпертуар квартэта?

Канстанцін Гарачы:
Калі будуць агульныя ідэі, якія адпавядаюць канцэпцыі праекта, то цалкам верагодна. Але ў тым, што запісана, ужо хапае сумеснага. Прадзюсарамі праекта выступілі ўсе хлопцы, якія пачыналі рух да мяне. У іх ужо было даволі дакладнае ўяўленне пра тое, што яны хочуць пачуць. Для мяне было самае складанае зразумець, што ж ім трэба, і сумясціць агульныя інтарэсы.

Аганес Аванесян: Пры стварэнні праекта мы дакладна разумелі, што павінны зрабіць канцэпцыю, каб прадукт быў стыльны і вядомы. Таму што на сённяшні дзень існуе акіян музыкі, але мала індывідуальнасцяў. І калі індывідуальнасці ў гэтым акіяне запальваюцца, яны становяцца прыкметнымі за кошт саўнда або канцэпцыі. Прайшлі тыя часы, калі кагосьці можна было здзівіць шалёнай тэхнікай. Наперадзе цяпер знаходзіцца думка: што ты хочаш сказаць, і пра што гэта. Таму канцэпцыя тут вельмі важная. Наогул, калі шчыра, ёсць альбом. Ёсць дастаткова кампазіцый, над якімі мы працуем.

Еўрарадыё: Вы верыце ў камерцыйны поспех праекта?

Аганес Аванесян:
Гэты праект не пражыве, ды і не павінен жыць на голым энтузіязме. Таму што ў яго іншая задача, і ў ім удзельнічаюць не 15-гадовыя юнакі. Ёсць рэальны досвед, ёсць рэальныя ўяўленні пра светабудову. І я разумею, што калі не будзе рэальнага выхаду — канцэртаў, запісаў, фестываляў — наўрад ці будзе працяг у праекта. Ёсць пэўныя каналы і людзі, якім хочацца з намі супрацоўнічаць. Яны і падштурхнуць нас да наступнага этапу.

Еўрарадыё: Цяпер у музыкаў становіцца модным рабіць праекты ў іншых краінах. Ці не было жадання паспрабаваць зрабіць праект у Маскве ці Варшаве?

Канстанцін Гарачы:
Мы рады, што была магчымасць гэта зрабіць менавіта ў Мінску. Безумоўна, прыемна працаваць у тэхнічна арганізаваных краінах. У Варшаве, напрыклад, у мінулым годзе мы запісвалі альбом з Apple Tea — гэта быў добры досвед. Але гэта дорага. І калі б была магчымасць зрабіць гэта ў Мінску, мы б паступілі менавіта так. Але ў Мінску не знайшлося студыі (і гэта праблема не толькі Apple Teа, а наогул праблема), дзе могуць адначасова запісвацца больш трох музыкаў жыўцом. І пажаданая яшчэ наяўнасць раяля. Але што такое? Няма! (Смяецца) Немагчыма запісаць раяль у горадзе-героі! У сталіцы! І, шчыра кажучы, у квартэце вельмі пажадана было б выкарыстоўваць жывы раяль, але мы пайшлі на кампраміс.

Аганес Аванесян: Дарэчы, мы хочам падзякаваць студыі "Формула гуку" і Дзіму, які нас запісваў. І дзякуй Андрэю Жукаву, які граматна вырашыў некаторыя задачы ў адначасовым запісе ўсіх інструментаў. Таксама вялікі дзякуй Лёшу Белавусу і аператарам, якія здымалі ўвесь працэс запісу на відэа. У студыі панавала класная атмасфера, здавалася, што нешта адбываецца. Было трохі складана, таму што мы адразу пісалі і відэа, і аўдыё, і трэба было канцэнтравацца — бо мы не граем год ці два. Былі свае нюансы. Але момант магіі прысутнічаў.

Еўрарадыё: У вашага праекта ўжо ёсць слухач? Ці будзе ваша музыка запатрабаваная ў Мінску, у якім не шмат пляцовак для яе дэманстрацыі?

Аганес Аванесян:
Мне здаецца, у нашай публікі з'явіўся густ. Людзі атрымалі магчымасць пастаянна нешта слухаць і ездзіць на канцэрты. Сюды прыязджаюць розныя музыкі. Напэўна, праблема не ў тым, што няма дзе граць. Праблема ў тым, што не зусім ёсць што граць. Гэта маё асабістае меркаванне. Таму, калі будзе добры, сапраўды варты праект, слухач заўсёды знойдзецца. Гэта не андэграўндная музыка, разлічаная на асаблівага слухача. Наш праект — гэта папулярная, у добрым сэнсе, музыка. Яна даступная, але ў той жа час у ёй ёсць закавырка — яна лёгка слухаецца, але няпростая ў выкананні.

Еўрарадыё: Ці ёсць такое меркаванне, што джаз — гэта мёртвая музыка, якая не адлюстроўвае сённяшні дзень. Вы з ім згодны?

Канстанцін Гарачы:
Справа ў тым, што джаз, як усё, перастаў быць пэўнай музыкай яшчэ ў 1940-х гадах. З тых часоў гэтая музыка пастаянна ўбірае ў сябе іншыя стылі. І, на жаль, стаўленне да джазу як да мёртвай музыцы — гэта вынік дзейнасці нядобрасумленных адміністратараў і не вельмі добра граючых музыкаў. Але ў апошні час усё больш і больш людзей добра граюць музыку. І Аганес мае рацыю: сапраўды, наша публіка стала больш спрактыкаванай — больш стала канцэртаў, і людзі сталі часцей ездзіць. Ва Украіне, да прыкладу, 2 разы на год праходзяць выдатныя фестывалі, і ажыятаж, які вакол іх назіраецца, аншлагі, кажуць пра тое, што ніякая гэта не мёртвая музыка. А вельмі актуальная і цікавая з'ява, якая не можа быць нецікавай таму што змяняецца кожны дзень.

Еўрарадыё: Ці не збіраецеся пайсці шляхам постмадэрнізму і ўвесці ў сваю музычную мову цытаты з іншых твораў? Да прыкладу, любімага масамі Стаса Міхайлава?

Аганес Аванесян:
(усхвалявана) Музыка ж павінна быць прыгожай! А калі яна не прыгожая, я не ведаю, што з ёй рабіць.

Аляксандр Яфімаў: Мы выкарыстоўваем цытату ў нашай кампазіцыі "Straave" — акурат папулярнага рускага кампазітара Ігара Стравінскага!

Еўрарадыё: Ну, Стравінскі для мас — гэта не Міхайлаў...

Канстанцін Гарачы:
На самай справе, калі канцэпцыя калектыву будзе сфарміраваная цалкам, мы зможам сабе дазволіць граць усё, што хочаш!

Еўрарадыё: Якога выніку вы чакаеце ад праекта?

Аганес Аванесян:
У жыцці (і я гэта вельмі востра адчуваю) ёсць нейкія пэўныя падзеі, якія цябе чакаюць. І ад цябе залежыць, дойдзеш ты да іх або не дойдзеш. Яшчэ ў недалёкім мінулым я не ўмеў граць на ўсіх гэтых інструментах. Сёння ў мяне стаіць задача не проста граць на перкусійных інструментах, а выпрацаваць свой стыль, можа, гучна сказана, але выпрацаваць у сусветным маштабе. І людзі, якія разумеюць у перкусіі, пагодзяцца, што гэта нова, што ў гэтым ёсць пэўны сэнс. Мы, валодаючы талентам і працавітасцю, толькі самі можам сябе абмежаваць ментальна. То бок, "ага, гэта не для мяне", "для мяне гэта занадта крута", "гэтая зала для мяне недасяжная". Магу сказаць, што марыць трэба, і заўсёды трэба. І толькі дзякуючы гэтаму можна чагосьці дамагчыся. У пачатку 2000-х я трапіў на канцэрт Apple Tea ў Купалаўскім тэатры. Я глядзеў на гэтых хлопцаў (я тады быў далёкі ад музыкі наогул), і для мяне гэта была нейкая магія. Косця тады граў на сваім "Хамандзе". Але праходзіць час, і я магу мець гонар, перавагу, як кажуць англічане, "opportunity", запрасіць гэтага музыку ў свой праект! І мне вельмі прыемна, што яму гэта таксама цікава! Вядома, усё мае свой працяг і можа яшчэ ў нешта выліцца, у нешта больш сур'ёзнае. Я лічу, што гэта крута!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі