"Хартыя'97" адкрыла галоўны офіс у Варшаве (фота)
Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася 14 верасня ў цэнтры Варшавы, у гатэлі MDM.
Пасля трансляцыі кароткага фільма пра сайт "Хартыя’97" падчас падзеяў 2006 і 2010 гадоў у Беларусі, з прамовамі выступілі замежныя грамадскія і палітычныя дзеячы і дыпламаты.
На сустрэчы прысутнічалі каля 100 чалавек уключна з журналістамі, сярод выступоўцаў быў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі.
Ежы Памяноўскі: “Я вельмі ўсцешаны тым, што нарэшце ўсё атрымалася, і хачу сказаць, што нічога б не атрымалася, калі б у адкрыцці варшаўскага офіса не ўдзельнічала так шмат асобаў”.
Прысутныя зачыталі пасланне ад Станіслава Шушкевіча, які не змог прысутнічаць на сустрэчы. Таксама прамовіў намеснік міністра замежных спраў Славакіі Павал Дэмеш.
Павал Дэмеш: “Я рад павіншаваць Наташу, якая здолела знайсці дом для “Хартыі'97” у Варшаве. І як грамадзянін Еўрапейскага Саюза я выказваю падзяку Польшчы, якая павяла сябе дастаткова смела і шчодра, каб прытуліць гэтую незвычайную групу людзей, якая патрапіла ў непрыемнасці з-за сваёй прыстойнасці”.
Сустрэча была закрытая і былі запрошаныя такія асобы, як Алесь Міхалевіч з сям'ёй, Алесь Зарэмбюк, Уладзімір Кобец, прысутнічалі прадстаўнікі "Еўрапейскай Беларусі", у тым ліку Зміцер Бандарэнка. Цырымонію вяла польская актрыса Лідка Садова, якая ў адным са спектакляў грала Наталлю Радзіну.
Нагадаем, пасля арышту галоўнага рэдактара Наталлі Радзінай у ноч выбараў 2010 года "Хартыя'97" пачала працаваць з Вільні. Сёлета рэсурс пачынае дзейнічаць з "падвоенай сілай":
Наталля Радзіна: “У нашых планах — развівацца. Сёння мы маем кожны дзень 100 000 наведвальнікаў, а ў нашых планах павялічыць гэтую колькасць чытачоў у 2-3 разы, і канешне ж, для гэтага нам неабходная падтрымка”.