Каб не выпусціць за мяжу, Паганяйлу зрабілі банкрутам
У чорным спісе “апазіцыянераў” ужо 10 імёнаў. Пакуль гэта ў 20 разоў менш, чым чыноўнікаў, неўязных у ЕС.
На сённяшні дзень вядомыя імёны 10 чалавек, які трапілі ў так званы “спіс апазіцыянераў”, якім забаронена выязджаць з Беларусі. Прычым, ніводзін з іх не атрымаў адпаведнае паведамленне аб змяненні свайго статуса. Пераважная большасць даведалася пра гэта на мяжы. І практычна ўсе атрымалі на сваё здзіўленне такі ж адказ, як і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.
Жана Літвіна: “На маё пытанне, хто прымаў гэта рашэнне і на якой падставе, мне патлумачылі, што звычайна гэта робіць міліцыя. Тады я ўдакладніла: “Гэта Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі?” “Відаць, так”, – адказалі мне”.
Такія тлумачэнні Жана Літвіна атрымала 15 сакавіка ў аэрапорце “Мінск-2”, адкуль збіралася вылятаць па справах у Варшаву.
Амаль такі ж адказ атрымаў і журналіст Міхась Янчук, якога ў гэты ж дзень знялі ў Брэсце з цягніка Масква-Варшава. З адным удакладненнем, памежнік даў сваю версію ўнясення журналіста ў спіс невыязных.
Міхась Янчук: “Капітан Давыдзенка сказаў мне: “Мабыць вы вінны грошы дзяржаве альбо аліментаў не плаціце”. Гэта ў якасці прычыны, чаму мяне знялі з цягніка. І параіў мне звяртацца ў міліцыю па месцы жыхарства, каб высветліць гэтую справу”.
І толькі два чалавекі з гэтых 10 не толькі ў пісьмовым выглядзе займелі тлумачэнні прычын , па якіх ім нельга выязджаць з краіны, але і даведаліся, хто іх у гэты спіс унёс.
Так, 13 сакавіка ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі па месцы свайго жыхарства старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак атрымаў даведку, што ён – невыязны. Больш за тое, ў даведцы было пазначана, што наконт забароны на выезд праваабаронцы хадайнічала Міністэрства юстыцыі. Нібыта таму, што ў адносінах Гулака пададзены грамадзянскі іск. Ад каго гэты іск, з якой нагоды і куды пададзены, Алег Гулак спрабаваў высветліць у Мінюсце. Але — безвынікова.
Алег Гулак: “Непасрэдна я быў там, гаварыў, правяралі разам з супрацоўнікамі, звязвалі з МУС – нічога не змаглі ўдакладніць”.
А калі ў Мінюсце ніякай інфармацыі наконт гэтага іску няма, робяць выснову праваабаронцы, то яго няма ў прыродзе і гэта забарона на выезд – кімсьці прыдуманая.
Той жа самы Мінюст, згодна з даведкай, атрыманай у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі, вінаваты і ва ўнясенні ў спіс невыязных юрыста БХК Гары Паганяйла. Прычым, на падставе рашэння суда, якога, сцвярджае чарговы невыязны, не было.
Гары Паганяйла: “У дакуменце ўказана, што звесткі ў банк дадзеных пададзеныя Міністэрствам юстыцыі. На падставе адпаведнай справы аб банкруцтве, па якім я з’яўляюся патэнцыйным даўжніком. Рашэнне прынятае невядомым мне пакуль судом 5.03.2012 года. І акурат зараз я накіроўваюся ў Міністэрства юстыцыі, каб даведацца, які суд падаў такія звесткі, і азнаёміцца з імі”.
Вось толькі візіт у Мінюст апынуўся безвыніковым — юрысты нічога не здолелі паведаміць бо... не працуе сервер з неабходнымі звесткамі!
Гары Паганяйла: “Павадзілі мяне па кабінетах, павадзілі за нос — зразумела, што звестак, на падставе якіх мне забаронены выезд за межы краіны, міністэрства не мае, але спасылаюцца на тое, што ў іх сервер не дае неабходнай інфармацыі – нешта з серверам у іх!”
У прэс-службе Мінюста Еўрарадыё адмовіліся каментаваць сітуацыю з незразумелым уключэннем нібыта па ініцыятыве іх міністэрства ў спіс невыязных Алега Гулака і Гары Паганяйлы.
Дарэчы, былі ў Гары Паганяйлы праблемы з атрыманнем неабходнай інфармацыі і ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі — там таксама з-за “падвісання” праграмы яму адмаўляліся даць звесткі наконт статуса. І толькі пасля сустрэчы з начальнікам аддзела і пагрозай напісаць скаргу ды падаць у суд, неабходныя звесткі юрысту далі.