Каб уплываць на беларускія ўлады, у Еўрапейскага саюза няма магчымасцяў
Так лічаць еўрапейскія палітолагі і прапануюць змагацца за сэрцы і душы беларусаў.
9-11 снежня ва ўніверсітэце Лазарскага ў Варшаве адбылася міжнародная канферэнцыя па Беларусі. Асобнымі дыскусіямі на ёй былі прадстаўленыя праблемы адносін Беларусі з суседзямі і шанцы на еўрапеізацыю Беларусі.
“Я думаю, што зараз вельмі малыя шанцы на еўрапеізацыю беларусаў. Я не песімістка, але рэалістка. Як сцвярджаў Віталь Сіліцкі, адносіны паміж Беларуссю і Еўропай — прадукт змены адносінаў паміж Мінскам і Масквой. І зараз Лукашэнка паводзіць сябе з Расіяй, як з лепшым сябрам”, — дзеліцца сваімі думкамі даследчыца Фінскага інстытута міжнародных адносін Анаіс Марын.
Эксперт кажа, што ў ЕС няма агульнай стратэгіі адносна Беларусі. З аднаго боку, санкцыі не прыносяць плёну, з іншага — Еўропа не дастаткова падтрымлівае ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве.
Анаіс Марын: “Напрыклад, у 2007-2010 Беларусь атрымала 21 мільён еўра — гэта 10 працэнтаў ад таго, што атрымала Малдова. А Украіне вылучылі 500 мільёнаў еўра”.
Сама Анаіс Марын лічыць, што Еўропа мусіць
ісці па трэцім шляху, а гэта значыць дапамагаць у Беларусі ўсім, акрамя Лукашэнкі, і ўводзіць дарожную мапу.
Дарэчы, 7 снежня ў Брусэлі была прадстаўленая новая стратэгія Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі. Але як распавёў Еўрарадыё палітолаг Дзяніс Мельянцоў, нічога новага ў гэтай стратэгіі няма.
Дзяніс Мельянцоў: “Еўрапейскі саюз хіба адчувае, што з-за таго, што існуе недахоп рычагоў уплыву на беларускі ўрад і палітычную сітуацыю ў Беларусі, трэба засяроджвацца на нізкім узроўні палітыкі, то бок супрацоўніцтве з грамадствам. І пачынаць змяняць само грамадства з тым, каб яно ў рэшце рэшт змяніла палітычны рэжым”.
Паводле словаў Дзяніса Мельянцова, Еўрапейскі саюз згодны дапамагчы Беларусі, толькі калі ў краіне будуць адбывацца дэмакратычныя і эканамічныя рэформы. Якіх падчас уключэння Беларусі ў Еўразійскі саюз чакаць не прыходзіцца.
Дзяніс Мельянцоў: “З аднаго боку, гэта прыкра ўспрымаецца, але з іншага — гэта рэалістычны падыход. Лепш хай будзе разуменне рэальнай сітуацыі, чым нейкія ілюзіі ў Брусэлі, якія, акрамя іншых расчараванняў, ні да чаго не прывядуць”.
У той самы час эксперт літоўскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Віціс Юрконіс увогуле кажа, што Еўропа згубіла Беларусь.
Віціс Юрконіс: “Я лічу, што Еўропа згубіла Беларусь, бо яна зноў атрымала субсідыі з Расіі, планы па будаўніцтве атамнай станцыі і гэтак далей. Мы не можам пазбавіцца ад расійскага фактару ў Літве — чаго тады чакаць вызвалення Беларусі? Нам застаецца толькі змагацца за душы і сэрцы людзей — беларусаў”.
Літоўскі эксперт лічыць: каб нешта змяніць, Еўропа мусіць зрабіць канкрэтныя крокі ў бок Беларусі ўжо ўвесну, калі будуць адбывацца прэзідэнцкія выбары ў Расіі. А для таго трэба прытрымлівацца адзінства, планавання і настойлівасці.