Каб згуляць з чэхамі, Федэрацыя футбола дамаўляецца на 2 гады наперад

120820 Kustouski Football.mp3

Да старту футбольнай зборнай Беларусі ў чарговым адборачным цыкле чэмпіянату свету засталося менш за месяц.

Сярод іншых матчаў нашу каманду чакаюць гульні з Іспаніяй і Францыяй. А Еўрарадыё задаецца пытаннем: ці можна падрыхтавацца да такіх сапернікаў з дапамогай Малдовы, Літвы і Арменіі, з якімі нядаўна гуляла Беларусь?

“Сапернікаў па спарынгах выбірае галоўны трэнер каманды. Ён выказвае свае думкі і пажаданні, з кім бы зборная патрабавала спарынг. На аснове яго пажаданняў мы распачынаем ліставанне з той ці іншай федэрацыяй, прапануем правесці таварыскую гульню”, — распавядае першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян.

Паводле яго слоў, падчас выбару саперніка эканамічны складнік ніхто не ўлічвае. Хутчэй шукаюць каманду, якая будзе адпавядаць зборнай у дадзены момант.

Сяргей Сафар’ян: “Мы маглі гуляць з Грэцыяй перад летам, але галоўны трэнер пажадаў згуляць з Літвой з-за рознага стану камандаў. Грэцыя рыхтавалася да фіналу Еўра. А ў нас гульцы, якія гуляюць у Расіі па сістэме восень-вясна, былі ў адпачынках. І трапляць пад удзельніка Еўра разбалансаванай камандай было глупствам”.

Згодна з такім прынцыпам вырашылі памерацца сіламі і з Арменіяй. Бо саперніка, больш падобнага да Грузіі, з якой нам яшчэ гуляць у адной групе, знайсці складана.

“Я лічу, што быў вельмі добры спарынг з Арменіяй. Бо падобная каманда да Грузіі паводле манеры. Арменія нават значна мацнейшая за Грузію”, — кажа былы трэнер беларускай зборнай Анатоль Байдачны. І дадае, што ахвочых гуляць з Беларуссю не так і шмат.

А рэдактар спартовага партала goals.by тлумачыць, чаму склалася такая сітуацыя.

Максім Беразінскі: “Праблема з’явілася, акурат калі сышоў Бернд Штанге. Ён шмат рабіў, каб Беларусь гуляла сапраўды з моцнымі камандамі. Відавочна, што зараз у федэрацыі няма чалавека, які б займаўся гэтымі пытаннямі на пастаяннай аснове. Усе, хто крытыкавалі Штанге, прызнавалі, што як менеджар ён быў добры. І імідж зборнай Беларусі значна палепшыўся, пакуль немец кіраваў зборнай”.

На думку эксперта, зараз Беларусь вярнулася да сапернікаў, якія былі 5-6 гадоў таму: Літва і Малдова, якія часта паўтараліся і не выклікалі ажыятажу сярод балельшчыкаў. Але нават з імі можна падрыхтавацца да сустрэчаў з іспанцамі і французамі, лічыць Максім Беразінскі. Толькі непакоіць іншае.

Максім Беразінскі: “У Кандрацьева былі толькі тры гульні, каб падрыхтавацца да адборачнага цыкла, дзе ў нашай групе Францыя, Іспанія, Грузія і Фінляндыя. Гэта факт даволі дзіўны, і мне падаецца, што сур’ёзныя зборныя так не рыхтуюцца да адборачнага цыкла”.

Тым часам Федэрацыя футбола займаецца пошукам сапернікаў на 2013-2014 гады. Сяргей Сафар’ян кажа, што ўжо разаслалі каля двух дзясяткаў прапаноў у розныя краіны. Ужо, напрыклад, ёсць адказ ад чэхаў наконт правядзення матча ў 2014 годзе. Зараз ідзе перапіска па канкрэтных датах і ўмовах.

Увогуле ж, пачынаючы з 1995-га года, беларускія футбалісты правялі восем таварыскіх гульняў з літоўцамі, тры гульні — з армянамі, і яшчэ дзве — з малдаванамі.

Цікава ўзгадаць, што Георгій Кандрацьеў пра пошук спарынг-партнёраў пагаварыць не захацеў.

Фота: mediamax.am

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі