Калі еўрапейскія амбасадары вернуцца ў Мінск?

15 сакавіка агенцтва “France-Presse” паведаміла пра выказванне вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Кэтрын Эштан наконт таго, што да 23 сакавіка амбасадары краін ЕС мусяць быць у Мінску.

Але прэс-сакратар еўракамісара Мая Качыянчыч у размове з Еўрарадыё кажа, што ў ЕС пакуль не вызначыліся, калі амбасадары мусяць вярнуцца ў Беларусь.

Мая Качыянчыч: Не, мы не рабілі ніякіх публічных заяваў наконт дня, калі мусяць вярнуцца амбасадары. Зразумела, калі такое рашэнне будзе прынятае, мы яго агучым. Я не думаю, што яны (“France-Presse” – заўв.Еўрарадыё) цытуюць нейкія крыніцы. Але я хачу вам патлумачыць, што мы ўсё яшчэ абмяркоўваем сваю пазіцыю па гэтай справе”.

Меркавалася, што 15 сакавіка Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі. Але яе прыняцце нечакана перанеслі на 28-29 сакавіка.

Ці можна лічыць непрыняцце рэзалюцыі па Беларусі і магчымае вяртанне амбасадараў у Мінск дыпламатычнай слабасцю ЕС, разважае эксперт Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: “Адно меркаванне, што Еўропа вырашыла нейкім чынам даць знак афіцыйнаму Мінску пра тое, што яны гатовыя пайсці на нейкія саступкі. А, можа быць, прайшлі нейкія перамовы і былі нейкія сігналы на гэты конт з беларускага боку. Так, еўрадэпутат, старшыня Еўранэста спадар Вігенін з Балгарыі сказаў, што паступілі нейкія сігналы з Мінска”.

На думку Андрэя Фёдарава, Еўропа мае магчымасці ціску на Беларусь. Але калі будзе іх выкарыстоўваць, то рызыкуе страціць хоць які ўплыў на Беларусь.

Андрэй Фёдараў: Фактычна, гэта прывядзе да разрыву дыпламатычных адносінаў. І ўплыў Еўропы і так невялікі, зменшыцца да нуля. Я баюся, што гэта будзе не вельмі добра для той жа Беларусі, для яе дэмакратычнай супольнасці”.

Палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць, што на саступкі, хутчэй за ўсё, пайшоў Мінск, паабяцаўшы Еўропе тое, “што і звычайна”, адначасова актываваўшы інтэграцыйныя працэсы ва ўсходнім кірунку.

Да нейкіх эканамічных санкцый, на думку Юрыя Шаўцова, справа не дойдзе.

Юрый Шаўцоў: “Мы будзем мець поўнамаштабны дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю а таксама Расіяй і Захадам вакол гэтых санкцый. Як максімум, у самай радыкальнай стадыі гэта можа прывесці да таго, што Беларусь выйдзе з Будапешцкага мемарандуму 1994 года, у якім у абмен на адмову ад валодання ядзернай зброяй Беларусь атрымала гарантыі бяспекі з боку Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў і Расіі”.

У той жа час, Андрэй Фёдараў мяркуе, што найлепшай стратэгіяй ЕС у адносінах з Беларуссю былі б асцярожныя абмежаваныя крокі ў адказ на крокі афіцыйнага Мінска. Справа толькі ў тым, што Еўрасаюз, у якога шмат і сваіх праблемаў, не можа займацца толькі Беларуссю. Таму бліжэйшым часам стасункі паміж Еўропай і беларускімі ўладамі, наўрад ці, істотна зменяцца.

Фота: maryhoneyballmep.files.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі