Канцэрты гурта "Ляпис Трубецкой" у Мінску адмененыя

Канцэрты гурта "Ляпис Трубецкой" ў сталічным клубе "Рэактар" адмененыя. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар калектыву Яўген Калмыкоў, якому, у сваю чаргу, патэлефанаваў дырэктар клуба і папярэдзіў, што выступаў 1 і 2 красавіка не будзе.

Яўген Калмыкоў: "Зараз можна чакаць нейкіх фармальных прычын. Напэўна, гэта будзе якое-небудзь МНС, ці зноў працячэ дах... Да гэтага часу ў прэсе заўсёды з'яўлялася інфармацыя, што гэта нейкае непаразуменне, што гэта самі гурты прыдумляюць... На самой справе асабіста для мяне відавочна, што існуе нейкі, гледзячы па ўсім, неафіцыйны загад, паводле якога канцэрты гурта ў краіне праводзіць забаронена".

Дырэктар "Рэактара" Андрэй Старцаў пацвердзіў Еўрарадыё, што канцэрт адменены канчаткова. Праўда, пакуль сапраўднай прычыны не ведае, бо яшчэ не бачыў афіцыйнага ліста.

Андрэй Старцаў: "Так, канцэрту не будзе, прычыны тэхнічныя. Дакладнай прычыны я пакуль не ведаю, для гэтага мне трэба пачытаць саму паперу... Я не ведаю, адкуль яна будзе ад пажарных, ад МНС. Але пакуль я нічога не магу сказаць. Калі ў мяне будзе афіцыйная прычына, я адразу яе сфармулюю, але пакуль я гэта не каментую".

Пакуль арганізатары не даведаюцца пра афіцыйную прычыну адмены, здаць квіткі на канцэрт будзе нельга. Але супрацоўнікі кас клуба паведамілі, што прымаць іх будуць, хутчэй за ўсё, у дзень канцэрта.

Касы: "Пытанне вырашаецца, у які дзень і як. Але, хутчэй за ўсё, 1-га і 2-га ў клубе "Рэактар" будзе адбывацца вяртанне грошай. Але дакладна пакуль што яшчэ не сказалі".

Нагадаем, што клуб "Рэактар" здольны змясціць тысячу гледачоў. Каб выступ "Ляпісаў" здолела наведаць большая колькасць сталічных прыхільнікаў, было запланавана адразу два канцэрты запар - 1 і 2 красавіка. Квіткі на абодва выступы былі раскупленыя яшчэ да пачатку рэкламнай кампаніі, а гэта амаль за месяц да мерапрыемства.

Па словах Яўгена Калмыкова, пакуль ніякіх дзеянняў у адказ музыкі гурта не плануюць, бо яшчэ не паспелі асэнсаваць сітуацыю. Але запланаваныя на красавік выступы ў Маладзечне, Жлобіне і Салігорску "Ляпис Трубецкой" вырашыў адмяніць самастойна, каб не мучаць людзей бессэнсоўным чаканнем. Пра гэта лідар калектыву Сяргей Міхалок паведаміў у адкрытым звароце да сваіх прыхільнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі