Кіраўнік Брэста выгнаў праваабаронцу з прыёму

Юрыст Малей прыйшоў на прыём да старшыні гарвыканкама Аляксандра Палышэнкава разам з групай жыхароў вуліцы Тарфяной па іх просьбе. На вуліцы з часу забудовы яе катэджамі 30 гадоў таму назад няма асфальту і дрэнная каналізацыя.

У каментары Еўрарадыё праваабаронца распавёў пра здарэнне.

Малей: "Ён папярэдзіў: “Вы слухайце, казаць буду я”. Здзівіўся, чаго гэта мала так прыйшло — магло б і больш. На выбары прыйшло на тым участку толькі 20%. А выбары каштуюць шмат. Казаў яшчэ: мы будуем шмат у горадзе, але замінае крызіс… Я папрасіў яго вярнуцца да тэмы. Людзі прыйшлі і просяць нават не заасфальтаваць, проста падсыпаць вуліцу, каб не было гразі".

У першы раз Палышэнкаў загадаў праваабаронцу маўчаць. А калі ён уклінаваўся другі раз, гаспадар кабінета сказаў сакратарцы, каб тая паклікала міліцыянтаў. На гэта Малей заявіў, што сыйдзе сам.

Дарэчы, жыхары вуліцы Тарфяной абіваюць парогі чыноўнікаў з 2006 года, калі іх стала асабліва моцна падтопліваць. Паводле звестак камунальных службаў, у Брэсце яшчэ як мінімум 15 вуліц пасля пракладкі каналізацыі тонуць у гразі, бо не маюць асфальтавага пакрыцця.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі