Кіраўнік ТБМ: У кіраўніцтва ЛДП прыйшлі "дзеці беларусізацыі"
Алег Трусаў лічыць, што заяву ў абарону беларускай мовы Ліберальна-дэмакратычная партыя прыняла з ініцыятывы Гайдукевіча-малодшага.
Нагадаем, што сёння ЛДП выступіла з заявай у абарону беларускай мовы. Кіраўнік Таварыства беларускай мовы у каментары Еўрарадыё адзначыў: чым больш будзе такіх заяваў, тым лепш. Па словах Трусава, кантакты паміж ТБМ і ЛДП былі гадоў 8-10 таму, але потым сціхлі:
Трусаў: "Гадоў восем таму былі кантакты. І тады Гайдукевіч казаў, што мова — гэта важна, са мной стараўся размаўляць па-беларуску. І нават шыльдачкі ў офісе па-беларуску павесіў. Але гэта было даўно — можа, гадоў восем-дзесяць таму. А потым усё неяк адпала. Ну, зараз вось сын прыйшоў — зноў пачалося".
Па словах Трусава, у кіраўніцтва прыйшлі "дзеці беларусізацыі", а маладзейшае пакаленне больш прыхільна ставіцца да беларушчыны. Нагадаем, што Алег Гайдукевіч перайшоў у партыю бацькі ў верасні і стаў намеснікам старшыні партыі.
Разам з тым, Трусаў заявіў, што ТБМ не будзе знарок актывізаваць кантакты з ЛДП. У Таварыстве беларускай мовы чакаюць, што партыя сама звернецца да іх.
Фота — svaboda.org