Клінаў: NRM сабраў бы на плошчу больш людзей, чым апазіцыя

26 кастрычніка ў Варшаве распачалася канферэнцыя “Стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Цікавая дыскусія завязалася пасля заявы Артура Клінава, які лічыць, што за апошнія гады культура аказала большы ўплыў на беларускае грамадства, чым палітыкі.

Артур Клінаў: “Напрыклад, праект АРХЕ зрабіў для змены беларусаў у еўрапейскую нацыю, мабыць, больш, чым многія палітычныя партыі. Думаю, што калі NRM заклікае выйсці на плошчу, то выйдзе значна больш, чым калі закліча хто-небудзь з нашых палітыкаў. Ці зараз вось праект апошніх двух гадоў – галерэя "Ў”.

Яшчэ эксперт прыводзіць у прыклад літаратуру і кажа, што цяпер беларуская кніга тысячным накладам разлятаецца за паўгода. Раней і 500 кніжак прадаць было складана.

Тым часам культуролаг Максім Жбанкоў не пагаджаецца са сваім калегам у тым, што беларуская культура квітнее.

Максім Жбанкоў: “Мне падаецца, што ў першых радках вашага паведамлення прагучала нейкая натхняльная пазітыўная рамантычная, не маючая нічога агульнага з рэчаіснасцю прэамбула. Ок – NRM, ОК – Архе, ОК – Галерэя "Ў". А вас не бянтэжыць, што на ўсю краіну на працягу ўсіх гэтых гадоў адзін часопіс АРХЕ? Ці можна гэта ўсё лічыць перамогай?”

Палітолагу Андрэю Ягораву падаецца, што беларуская культурная прастора ператвараецца ў маргіналізаваную, і зноў жа, падобную на гета.

У сваю чаргу, мастак Андрэй Дурэйка, які ўжо шмат гадоў жыве ў эміграцыі, падтрымлівае Артура Клінава. І гаворыць пра культурны прарыў. Беларускія мастакі ўдзельнічаюць у адных выставах і форумах разам з еўрапейцамі, вучацца ў тых жа ўніверсітэтах, і тым самым інтэгруюцца ў еўрапейскае грамадства. Праўда, іншы бок такой інтэграцыі – ад’езд з Беларусі таленавітых людзей.

Андрэй Дурэйка: “Па маіх падліках, больш за 10 адсоткаў мастакоў пакінулі краіну, калі браць афіцыйную лічбу членаў афіцыйнага саюза мастакоў у 2 тысячы”.

Адназначнага ж адказу на пытанне: “Прарыў альбо гета беларускай культуры” цягам двух гадзінаў так і не прагучала. Можа, з-за гэтага абурыўся філосаф Уладзімір Мацкевіч і даў сваю адзнаку пачутаму.

Уладзімір Мацкевіч: “Мне вельмі не падабаецца ход усёй гэтай размовы. І рытарычныя пытанні, і рытарычныя адказы. Гэта вельмі характарызуе стан нашай супольнасці. І тады я гляджу на тое, што мы зараз сабой рэпрэзентуем беларускую грамадзянскую супольнасць. І вось гэтай супольнасці трэба дапамагаць? Гнаць трэба!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі