“Ляпісы” абкаталі “Рабкор” на стадыёне пад Львовам (фота, аўдыё)
За 2 тыдні да сусветнай прэм’еры новая праграма “Ляписа Трубецкого” амаль цалкам прагучала для 10 тысяч наведнікаў фэста “Захід 2012”.
Сэт “ляпісаў” закрываў другі дзень фестывалю, галоўная сцэна якога стаіць на стадыёне старога піянерлагера. Гурт не выканаў ніводнай песні, старэйшай за 2007 год ("Капитал" ды "Огоньки" былі ў асноўнай праграме, “Золотую антилопу” зайгралі на біс). А з новай праграмы прагучалі “Цмок ды арол”, “Не быць скотам”, “Путинарода”, “Броненосец”, “Рабкор”, “Железный” і іншыя.
"Ляпис Трубецкой" ― "Железный" на сцэне фэста "Захід 2012"
“Ляпис Трубецкой” зараз у выдатнай канцэртнай форме. За кулісамі перад выступам Руслан Уладыка, як заўжды, задумліва паліў, духавікі і рытм-секцыя адкалывалі жартачкі і ахвотна размаўлялі з журналітсамі, і толькі Сяргей Міхалок не паказваўся з буса.
Але музыкі пачалі з большай увагай ставіцца да сябе і да свайго атачэння: “ляпісы” забаранілі фатографам і аператарам падымацца на сцэну і з’ехалі адразу пасля выступу, пакінуўшы фанатаў без аўтограф-сесіі.
Фэст "Захід" працягваецца ў вёсцы Радацічы пад Львовам з 17 па 19 жніўня. З беларусаў на ім выступілі "Крамбамбуля" і "Ляпис Трубецкой". Чакайце на Еўрарадыё вялікі рэпартаж з месца падзеяў.
Фота: Белсат.