Працаўнікі "Граніта" змагаюцца за свае правы
Працягваецца ціск на сяброў незалежнага прафсаюза прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах.
Гэтым разам кіраўніцтва прадпрыемства шукае прычыны, каб звольніць скарбніка незалежнага прафсаюза Анатоля Літвінку, расказвае старшыня незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве "Граніт" Алег Стахаевіч, якога звольнілі раней:
“Ужо на яго напісана чатыры загады пра парушэнне аховы працы, зразумела, што гэтыя парушэнні надуманыя. У Анатоля некалькі паверхаў абсталявання, якія ён мусіць абыходзіць і пільнаваць. Калі ён праверыць першы паверх, то ідзе на наступныя, а на першым ужо хтосьці штосьці адкруціць. Гэта маральны ціск, які разлічаны на тое, каб актывіст прафсаюза сам звольніўся, бо кожны дзень працы пачынаецца з таго, што пішаш тлумачальныя запіскі за тое, да чаго не маеш ніякага дачынення”.
Па словах Алега Стахаевіча праблемы на працы цяпер не толькі ў скарбніка прафсаюза, але і ў іншага яго ўдзельніка Леаніда Дубаносава. Начальнік кар’ера, у якім працуе Леанід, паставіў яго перад выбарам, або забраць з бухгалтэрыі дакументы аб пераліку ўзносаў на незалежны прафсаюз, або ён будзе звольнены.
Па словах Алега Стахаевіча, калі на пачатку года ў прафсаюзе было каля 300 чалавек, то цяпер, з-за пераследу і звальненняў актывістаў, яго сяброў можна пералічыць на пальцах. Аднак, як лічыць праваабаронца і юрыст незалежнага прафсаюзу РЭП Уладзімір Малей, нават у такіх жорсткіх умовах трэба працаваць:
“Я лічу, што галоўная мэта — гэта захаваць людзей, дапамагчы ім. Калі я сустракаўся з актывістамі незалежнага прафсаюза, мне гэтыя людзі вельмі спадабаліся: маладыя, сэнсоўныя, натхнёныя намаганнем палепшыць свае ўмовы працы, дамагчыся павелічэння заробкаў. Зразумела, кіраўніцтва прадпрыемства адразу прыняло меры, каб задушыць”.
Як адзначыў прафсаюзны лідар “Граніту” Алег Стахаевіч, жыхары Мікашэвічаў з цікавасцю ставяцца да таго, што адбываецца на прадпрыемстве. Калі незалежная газета “Інформ-прагулка” пісала пра актыўнасць рабочых “Граніта”, то наклад гэтай мясцовай газеты павялічыўся ў некалькі разоў.
Спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма"