Марына Лобава: У мяне пачуццё, што маім сынам гандлююць, як рабом
Палітвязня Эдуарда Лобава зноў прымушаюць напісаць прашэнне аб памілаванні
Еўрарадыё: На вашую думку, ці напіша ваш сын усё ж ён гэтае прашэнне?
Марына Лобава: На колькі я з ім размаўляла, ён настроены не пісаць. Ён не лічыць сябе вінаватым і чаму ён павінен прасіць аб памілаванні, калі ён нічога не здзейсніў? Таму ён, хутчэй за ўсё, не напіша, толькі калі створаць зусім невыносныя ўмовы, але і тады, пэўна, не “ўламаюць” яго.
Еўрарадыё: А вы самі б хацелі, каб ён напісаў гэтае прашэнне?
Марына Лобава: Я, вядома, хацела б, каб мой сын выйшаў на свабоду, чым хутчэй, тым лепш. Але не згубіўшы пры гэтым сваёй годнасці. Я лічу гэта ніжэй за годнасць, прасіць аб памілаванні, калі ты ні ў чым не вінаваты. Я хачу, каб ён выйшаў з горда паднятай галавой. Каб ён быў цалкам рэабілітаваны, а не памілаваны і судзімасць на ім вісела. Я не асуджаю тых, хто напісаў прашэнне, але для свайго сына я б такога не хацела.
Еўрарадыё: Аб тым, што чарговая прапанова была, напісаць прашэнне аб памілаванні, ваш сын паведаміў вам праз тэлефон?
Марына Лобава: Так. Ён патэлефанаваў мне ўчора ўвечары. Размова была вельмі кароткай, хоць павінна прадстаўляцца 10 хвілінаў размовы. Ён паспеў сказаць, што ім чатыром прапанавалі пісаць аб памілаванні, што ўсе чатыры адмовіліся.
Еўрарадыё: Хто менавіта?
Марына Лобава: Павел Вінаградаў, Фёдар Мірзаянаў, Аляксандар Францкевіч. Яны ўсе адмовіліся. Пасля я пачала пытацца, ці няма нейкага ціску на іх і ўсё абарвалася. І больш я нічога не ведаю.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да таго, што сёння ў беларускіх СМІ прайшлі чуткі, што Еўропа гатова даць 2 мільярды еўра за вызваленне палітзняволеных?
Марына Лобава: У мяне пачуццё, што маім сынам гандлююць, як рабом.