Мікола Статкевіч збіраецца "ўзаконіць" свае адносіны з жонкай
Пра гэта даведаўся праваабаронца Барыс Бухель, які сустрэўся з начальнікам калоніі, дзе адбывае пакаранне палітык.
Еўрарадыё: Ці пацвердзілася інфармацыя, што на палітвязняў ціснуць у шклоўскай калоніі? Што вам адказаў на гэта начальнік калоніі?
Бухель: Начальнік калоніі Сяргей Уладзіміравіч Ярмаліцкі сказаў, што правы зняволеных не парушаюцца. Гэта было сказана ў прысутнасці двух афіцэраў калоніі. Маўляў, усё ў іх добра, кормяць іх нармальна, яны працуюць, у тым ліку Статкевіч. І, нібыта, іх трактуюць як звыклых вязняў — ніякай розніцы са звычайнымі вязьнямі-крымінальнікамі няма. Ён таксама сцвердзіў, што вязняў не прымушаюць пісаць лісты на памілаванне.
Еўрарадыё: А ці пацвердзілася тое, што Мікалай Статкевіч атрымаў траўму рукі падчас працы?
Бухель: Так, цяпер Мікола на бальнічным і вызвалены ад працы. Гэта, на шчасце, не цяжкая траўма — звыклае, хоць і балючае, расцяжэнне мышцаў. Ні гіпсу, ні шын яму не накладалі.
Еўрарадыё: Якімі будуць вашы далейшыя крокі?
Бухель: Усё залежыць ад родных Міколы Статкевіча. Мы збіраемся ў бліжэйшы час спаткацца з яго сваякамі і выпрацаваць план нашых далейшых дзеянняў. Дарэчы, я запытаў у начальніка калоніі, чаму Міколе не дазваляюць сустракацца з яго грамадзянскай жонкай. Той адказаў, што акурат з гэтай прычыны, бо яна "грамадзянская".
Але зараз гэтая справа павінна рушыць: у Шклоўскім ЗАГСе хутка павінны быць афіцыйна аформленыя іх адносіны, адбудзецца іх афіцыйны шлюб у калоніі. Калі гэта будзе ўрэшце зроблена, тады Мікола Статкевіч зможа сустракацца са сваёю жонкаю. Яна будзе мець магчымасць прыязджаць да яго на спатканні.