Міколу Статкевічу забаранілі тэлефанаваць з турмы
У лісце да сваёй грамадзянскай жонкі Марыны Адамовіч палітык піша, што адміністрацыя Шклоўскай калоніі “закручвае гайкі”.
Як адзначае былы кандыдат у прэзідэнты, прэсінг адбываецца ў дачыненні ўсіх, каго асудзілі за Плошчу. Так, Мікола Статкевіч у бліжэйшыя некалькі тыдняў не зможа тэлефанаваць на волю. Палітык таксама згадвае ў лісце іншага вядомага вязня — Змітра Дашкевіча. Лідэр “Маладога фронту” апынуўся ў карцары, бо адмаўляўся мыць прыбіральню.
Сам Мікола Статкевіч фізічна пачуваецца лепей, бо ў калоніі ў яго ёсць магчымасць бываць на свежым паветры. Ён перастаў скардзіцца на зрок, у яго знікла сардэчная арытмія. Ён спадзяецца прывесці сябе ў “дарэвалюцыйную” фізічную форму, паведаміла Марына Адамовіч “Беларускаму партызану”.