Міністэрскія чыноўнікі не ядуць мяса, харчуюцца раздзельна і пасцяцца

Паглядзеўшы на меню ў сталовай Нацбанка, Еўрарадыё вырашыла таксама паесці па-чыноўніцку і накіравалася ў адзіную агульнадаступную кропку, якая корміць ў асноўным урадоўцаў і дэпутатаў – кавярню “Менск”, размешчаную ў прыбудове да Дому ўрада. Карэспандэнта тут сустрэлі надзвычай сардэчна і нават бясплатна пакармілі “міністэрскім” абедам за адмысловай шырмай, дзе, як правіла, ядуць міністры. На шыкоўны абрус афіцыянткі падаюць мне амаль самы дарагі абед, які толькі можна замовіць: салат з языка за 3 тысячы, боршч за 4150, філе птушкі за 14.000 і каву за 2650. Бяру відэлец і ўжо адчуваю сябе міністрам... як у сталовую заходзіць сапраўдны міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Ён там нават мае сваё ўлюбёнае месца.

Спадар Маскевіч замаўляе вінегрэт і філе хека з рысам. За ўсё плаціць каля 25 тысяч. Стравамі задаволены. Заўважае толькі, што мае мала часу, бо на абед можа выдзеліць толькі 15-20 хвілін.

Кошты ў буфеце пры кавярні "Менск".

Корміць чыноўнікаў сталіцы асобнае прадпрыемства – комплекс “Кастрычніцкі”, які належыць Упраўленню справамі прэзідэнта. Амаль усе буфеты і сталоўкі “Кастрычніцкага” закрытыя для простага наведвальніка.

“У асноўным, вы ведаеце, яны вельмі любяць дранікі. А з першых – боршч. Баршчы любяць і фасолевы, гарохавы супы. Супы яны любяць. Вы ведаеце, вось з дэсертам неяк… Не”, – расказвае Еўрарадыё пра густы чыноўнікаў загадчык вытворчасці “Кастрычніцкага” Ніна Клечан.

Меню ў "Менску".

Загадчыца вытворча-гандлёвых аб'ектаў “Кастрычніцкага” Таццяна Крамушчэнка расказвае, што сярод высокіх чыноўнікаў нямала такіх, якія пільна сочаць за сваім харчаваннем. Ёсць нават вегетарыянцы.

“І вегетарыянцы ёсць. Ёсць і з раздзельным харчаваннем. Яны некалькі разоў прыходзяць харчавацца. Яны раніцай прыходзяць, бяруць толькі салат. Трошкі пазней прыходзяць, тваражок бяруць. Трошкі пазней – супчык. Яшчэ пазней – кашку нейкую з’ядуць. Ёсць такі кантынгент”.

Кошты ў кавярні “Менск”, нягледзячы на высокі ўзровень сервісу, даволі нізкія. Самая дарагая страва з аўторкавага меню – “Рыба, запечаная з грыбамі” – каштуе менш за 16 тысяч. Сярэдні кошт салата і супу – 5 тысяч. Афармленне таксама не самае звычайнае. На сталах белыя абрусы, сурвэткі з тканіны. Паміж сталамі бегаюць маладзенькія і надзвычай прывабныя афіцыянткі. Адна з іх расказвае, што міністры мала адрозніваюцца ад звычайных наведвальнікаў.

“Людзі, як людзі. Няма тут нічога звышнатуральнага. Міністр, не міністр. Чалавек як чалавек. Вельмі нават дабрадушныя і мілыя людзі, якія нічым не адрозніваюцца ад іншых. У кожнага свае густы, ведаеце. Нехта вырас на гэтай зямлі і кажа “я люблю дранікі, дайце мне дранікі”. Не тое, каб там “зрабіце мне фарэль пад вінным соусам”.

На прыбыткі супрацоўнікі элітнай кавярні не скардзяцца. Кажуць, што за дзень могуць накарміць некалькі соцень чалавек. Зарабляюць і банкетамі, і прымаючы замежныя дэлегацыі. Адзінае, што зніжае прыбыткі – гэта пасты. За апошнія гады чыноўнікі сталі набожнымі!

“Як правіла, вось, як ні дзіўна, выручка зніжаецца ў час пастоў. Вось вельмі шмат пасціцца. І неяк тады ўжо не патлумачыш, што лічбы ў нас ніжэйшымі сталі. Так, літаральна, гэта апошнія гады. І неяк з кожным годам гэты ком нарастае”.

Яшчэ больш прывабнай падаецца кавярня “Менск” пасля наведвання сталоўкі ў прамысловым раёне на вуліцы Волаха. Кошты амаль тыя самыя, але замест абрусаў з тканіны – сінія пластыкавыя сталы. У 15 гадзін у сталоўцы ўжо нікога няма, а меню напалову не актуальнае.

Сталоўка ў прамзоне.

“А што вы хочаце – абедзенныя перапынкі скончыліся. У нас заўсёды так”, -- кажуць касіркі. Афіцыянтак у завадской сталоўцы няма і ніколі не было. Жанчыны, якія стаяць там на раздачы страваў, толькі смяюцца, пачуўшы пытанне пра іх. Затое гарбату там наліваюць у гранёныя шклянкі савецкіх часоў. Кажуць, што яны тут заўсёды былі.

Расповед пра сталоўкі і кавярні быў бы няпоўным без апісання студэнцкай. У цэнтральным корпусе галоўнага універсітэта краіны – БДУ – яна знаходзіцца… у падвале! І вялікай папулярнасцю ў студэнтаў не карыстаецца. Чарга ў буфет у фае разы ў чатыры даўжэйшая. Праўда, кошты значна ніжэйшыя, чым у кавярні “Менск”. Іх можна смела параўнаць з цэнамі сталоўкі Нацбанка. Суп тут каштуе менш за 2 тысячы, а асноўная страва ў сярэднім усяго 6 тысяч.

Меню студэнцкай сталоўкі БДУ.

Раскрываць таямніцу гэтага цуда касіркі катэгарычна адмаўляюцца і пагражаюць выгнаць за спробу зрабіць фота меню. Каб залагодзіць ваяўнічых жанчын, даводзіцца набываць у іх гарбату з мёдам. Яе таксама прыносяць у гранёнай шклянцы.

Сталоўка галоўнага корпуса БДУ.

Студэнтка, якая сядзіць за суседнім столікам у амаль пустой зале, расказвае, што абедаць тут не любіць. “Тут танна, можна за 12 тысяч пад’есці. Але я больш люблю сталоўку Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Там трошкі даражэй, але неяк больш утульна. Па-дамашняму”, – кажа дзяўчына.

“Людзі, як людзі. Няма тут нічога звышнатуральнага. Міністр, не міністр. Чалавек як чалавек. Вельмі нават дабрадушныя і мілыя людзі, якія нічым не адрозніваюцца ад іншых. У кожнага свае густы, ведаеце. Нехта вырас на гэтай зямлі і кажа “я люблю дранікі, дайце мне дранікі”. Не тое, каб там “зрабіце мне фарэль пад вінным соусам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі