Мінсктранс: “Начных аўтобусаў не будзе, бо людзі ноччу мусяць спаць”
А ў Варшаве ўначы ездзяць 42 (!) маршруты.
Прыкладна два разы на гадзіну ад цэнтральнага варшаўскага вакзала ад’язджаюць аўтобусы. Уначы! Квіток каштуе, як і на дзённыя аўтобусы: 3,6 злотыя — поўны і 1,8 — ільготны (9200 і 4600 рублёў адпаведна).
А вось у Мінску такая сістэма не прыжылася. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, чаму.
“Бывала такое калісьці, хадзіў трамвай № 1 паводле начнога раскладу. Але, па-першае, не было жадаючых. Па-другое, у начны час адбывалася шмат хуліганскіх учынкаў. Таму закрылі. Гэта было, можа, гадоў 15 таму, у сярэдзіне 1990-х”, — распавядае Еўрарадыё супрацоўнік аддзела перавозак прадпрыемства “Сталічны транспарт і сувязь”.
Згодна з яго словамі, у Мінску можна было б стварыць запатрабаваны начны аўтобус, калі б у беларускай сталіцы жыла столькі людзей, як і ў Маскве:
“Каб прыжыліся, іх трэба доўга ганяць пустымі і ў страту — і калі народ даведаецца і здагадаецца, што аўтобусы ходзяць уначы і можна імі карыстацца. І тое наўрад ці людзі захочуць плаціць тыя грошы, якія запытаюць”.
Намеснік генеральнага дырэктара "Мінсктранса" Віктар Тозік у размове з Еўрарадыё пацвярджае: уводзіць начны транспарт у Мінску не плануецца, бо ў гэты час трэба... спаць!
Віктар Тозік: "Людзі ўначы мусяць адпачываць. Кіроўцы аўтобусаў і тралейбусаў працуюць дапазна, і ёсць дзяжурныя аўтобусы, якія развозяць іх па дамах. Для якіх мэтаў вы прадугледжваеце гэтыя начныя аўтобусы? Каб быў аўтобус проста дзеля аўтобуса ці каб ён вазіў людзей?"
Паводле слоў Віктара Тозіка, у Мінску няма праблемы дабрацца дадому ўначы — шмат прыватнага транспарта, у тым ліку і таксовак.
Што тычыцца турыстаў, то, на думку чыноўніка, іх не так і шмат у Мінску, як у той жа Празе. А каб думаць пра нейкія начныя аўтобусы, то спачатку трэба прывіць мінчукам хоць нейкую... культуру.
Віктар Тозік: “Народ не хоча плаціць пры кандуктарах, а вы кажаце, яны будуць плаціць уначы. Спачатку трэба прывіць адпаведную культуру. Яны сёння ўдзень не хочуць плаціць, абзываюць кандуктараў, і яны ўначы будуць плаціць?”
Некаторыя аўтобусы ў Мінску ходзяць да гадзіны ночы. У Вільні і Кіеве грамадскі транспарт працуе з 6 раніцы да 12 ночы.
Пару гадоў таму былі і начныя маршруты, але начны транспарт у літоўскай сталіцы аказаўся незапатрабаваным.
Упраўленне грамадскага транспарту Вільні:
“Выпускаем іх, толькі калі бываюць нейкія мерапрыемствы ці святы. Вельмі мала пасажыраў ноччу. Няма за што плаціць заробак, а яшчэ ўначы дзейнічае падвойны тарыф. Таму і не прыжыліся”.
Затое ў сербскім Белградзе з начным транспартам усё ў парадку: начныя аўтобусы ходзяць тут з поўначы да чацвёртай гадзіны раніцы. А ў Празе з поўначы да паловы пятай ходзяць і начныя трамваі.
Фота: skarpawarszawska.pl