Моладзевыя актывісты ладзяць па ўсім свеце мітынгі ў падтрымку Беларусі
Ініцыятарамі серыі мітынгаў сталі шведы Крысціян Хольм і Б'ёрн Дален.
У нядзелю 21 жніўня кубінскія актывісты з арганізацыі Young Cuba ладзяць акцыю падтрымкі Беларусі. Гэта будзе першы пікет з серыі акцый па ўсім свеце. Кульмінацыяй мітынгаў будзе вялікая акцыя 25 жніўня — у дзень, калі Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі стала дзяржаўным законам.
Акцыя пройдзе ў Маямі, на рагу 17-й вуліцы і Пенсільванія Авеню ў Маямі Біч у 13 гадзін. Арганізатары заклікаюць пляскаць у ладкі і паставіць сінхронна будзільнікі на мабільных тэлефонах на знак салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца з абмежаваннем асноўных чалавечых свабод у краіне.
Удзельнікаў заклікаюць апрануць белыя цішоткі і прыйсці без аніякай палітычнай сімволікі, акрамя сваіх нацыянальных сцягоў.
Таксама акцыі пройдуць у Швецыі, у Вялікабрытаніі. Спіс краінаў-удзельніц штодня папаўняецца.
Ініцыятары Крысціян Хольм і Б'ёрн Дален з Сусветнага моладзевага дэмакратычнага саюза заклікаюць ладзіць акцыі ў сваім горадзе і сачыць за хэштэгамі ў твітэры #Belarus i #August25.