Мультывіза ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты для беларусаў каштуе 630 еўра
А шматразовая віза ў Беларусь для грамадзянаў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — у 4 разы таннейшая.
“Толькі што заўважыў, што беларуская віза для японцаў бясплатная! Як так можа быць? Для канадцаў віза каштуе 80$, для амерыканцаў — 160$”, — абураецца ў сваім фэйсбуку канадзец.
І мае рацыю. Атрымаць замежніку візу ў Беларусь не так і проста. Адкуль тады такія паслабленні для японцаў? Тлумачаць Еўрарадыё ў консульскім упраўленні МЗС:
“З Японіяй ёсць дамова яшчэ з СССР, паводле якой мы аформілі правапераемнасць. У нас звычайна двухбаковае пагадненне. Калі для нас робяць бясплатныя, адпаведна гэта рэгулюецца адмысловым пагадненнем”.
Японія, дарэчы, з’яўляецца адзінай краінай, жыхары якой патрабуюць візу ў Беларусь, але могуць зрабіць яе бясплатна.
Згодна са словамі кіраўніка прэс-службы МЗС Андрэя Савіных, пры наладжванні візавых адносінаў выкарыстоўваецца прынцып узаемнасці. Гэта значыць, што замежнікам даюцца такія ж умовы атрымання віз, якія яны прадстаўляюць беларусам.
Але не заўсёды. Напрыклад, беларусам патрэбна віза ў Катар. Зрабіць яе можна на месцы, месячная віза будзе каштаваць каля 27 долараў. У той жа час кіраўнік Беларусі пару гадоў таму адмяніў візы ў Беларусь для… катарцаў.
“Абсалютна незразумела — мы хочам тут бачыць гасцей ці не хочам. Мы хочам бачыць усіх ці толькі тых, тых, тых. Незразумелыя правілы гульні. І мы як неяк па зачараваным коле ходзім і ніяк не можам разарваць, каб неяк разумным чынам прапанаваць сваю пазіцыю, сваё стаўленне да гасцей”, — дзеліцца сваім меркаваннем з Еўрарадыё рэдактарка выдання “Туризм и отдых” Лілія Кобзік.
На сайце амбасады ААЭ ў Беларусі даведваемся, што мультывіза віза ў гэту краіну на паўгода каштуе для беларусаў 7 мільёнаў! Альбо 630 еўра. Цікава, для грамадзянаў ААЭ беларускі “мульцік” (на год з правам знаходзіцца 90 дзён) каштуе толькі 150 еўра.
У верасні мінулага года міністр турызму Ізраіля Стас Місежнікаў прадказваў хуткую адмену консульскіх збораў за візы паміж Ізраілем і Беларуссю. Але аўтаадказнік у амбасадзе Ізраіля паведамляе:
“Для афармлення гасцявой візы неабходна падаць квітанцыю аб аплаце консульскага збору ў суме 24 долары ЗША”.
Што цікава: аднаразовая кароткатэрміновая віза ў Беларусь для грамадзянаў Ізраіля каштуе 60 еўра, а доўгатэрміновая шматразовая — 150. Не надта і выгадна адмяняць такія візы.
Беларусы могуць ездзіць без візаў у Венесуэлу, Гандурас, Кубу, Малайзію, Нікарагуа, Эквадор, Кітай (групавыя туры), Манголію (па запрашэнні ці пуцёўцы), Македонію (па запрашэнні ці пуцёўцы), Сербію, Чарнагорыю (таксама па ваўчары ці запрашэнні), Таджыкістан, Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан, Арменію, Азербайджан, Грузію, Малдову, Расію і Украіну, Панаму.
Фота: gooddays.ru