МЗС Швецыі: Мы хочам, каб амбасадарам у Беларусі быў менавіта Эрыксан

“Дзіўна, што ў Беларусі яшчэ не прыбралі з продажу кніжкі пра Карлсана. Ён швед, троль, лётчык. Экстрэмісцкая літаратура ў адкрытым доступе!” Падобныя жарты ў апошнія дні рэгулярна даводзіцца чуць у сувязі з тым, што адбываецца вакол сітуацыі з шведскім амбасадарам Стэфанам Эрыксанам.

Еўрарадыё працягвае разбірацца з гісторыяй амбасадара Швецыі ў Беларусі, якому беларускі МЗС не працягнуў акрэдытацыю.

“Мы хочам, каб амбасадарам у Беларусі быў менавіта Эрыксан. А тое, што яму не працягнулі акрэдытацыю, мы разглядаем, нібыта яго выслалі з Беларусі. І таму мы адмовіліся ад прапановы Беларусі прызначыць новага амбасадара. А таксама выслалі беларускіх дыпламатаў са Швецыі”, - заявіў у размове з Еўрарадыё прэс-сакратар шведскага МЗС Андэрс Ярале.

На яго думку, першыя крокі для вырашэння канфлікту мусіць зрабіць афіцыйны Мінск, які і пагоршыў двухбаковыя стасункі.

Шведскі ўрад не звязвае раптоўную “высылку” беларускамоўнага амбасадара з нядаўнім “мядзведжым” палётам. Тым больш, што акрэдытацыю паслу не працягнулі задоўга да палёту, і сюды ён прыязджаў па турыстычнай візе.

Адказны рэдактар шведскага выдання The Local Джэймс Сэвідж разважае, як далей будуць развівацца беларуска-шведскія дыпламатычныя адносіны:

“Мы маем тупіковую сітуацыю, якая вырашыцца, калі беларускія ўлады адступяць. Калі гэтага не адбудзецца, то будзе доўгі перыяд без шведскага амбасадара ў Беларусі. Беларусь -- не самы галоўны гандлёвы партнёр ці партнёр па бяспецы. Аднак Швецыя змагаецца за дэмакратыю. І таму Беларусь - вельмі важная краіна для Швецыі. І Швецыя паставіла гэтую краіну ў прыярытэты”.

У апошні раз Стэфан Эрыксан замест акрэдытацыі атрымаў... турыстычную візу на тры месяцы! Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што яшчэ некалькі амбасадараў з краін ЕС атрымалі акрэдытацыі толькі на паўгода. Гэта з’яўляецца своеасаблівым намёкам ад уладаў.

“Можна ўявіць, што ў Масквы з’явіцца чарговы галаўны боль з-за свайго саюзніка. Можна прыгадаць словы Лаўрова, калі Расія рэзка выступіла супраць санкцый ЕС у адносінах да Беларусі. Лаўроў сказаў, што дыпламатыя мае толькі аргументы шляхам заўпэўнівання. Даў зразумець, што ёсць мяжа ўсяму ў абароне саюзніка”, - адзначае Раман Якаўлеўскі. І дадае, што не беларускі бок мусіць вызначаць, хто будзе амбасадарам Швецыі.

Пасля таго, як стала вядома, што Эрыксан не будзе працаваць у Беларусі, многія прыгадалі дыпламатычны канфлікт паміж ЕС і Беларуссю ў лютым. Тады амбасадары еўрапейскіх краін пакінулі Беларусь у знак салідарнасці з прадстаўніком ЕС і польскім амбасадарам, якіх выслалі з Мінска. Але, на думку Рамана Якаўлеўскага, сёння такая салідарнасць толькі пагоршыць сітуацыю.

 

Раман Якаўлеўскі: “Не згодны з тымі, хто выказваецца за ад’езд адсюль салідарных амбасадараў Еўрасаюза. Я лічу, што, чым больш дыппрадстаўніцтваў на чале з надзвычайнымі паўнамоцнымі амбасадарамі, тым лепш. Бо такі амбасадар можа хутчэй данесці інфармацыю да кіраўніка сваёй дзяржавы. А часовы павераны амбасадар – праз МЗС”.

Што праўда, Стэфан Эрыксан, адляцеў, але абяцаў вярнуцца. І вось што напісаў у сваім фэйсбуку:

"Калі чытаю вашыя каменты, складваецца амаль ўражанне, што вы мяне ўжо пахавалі… Калі ласка, рана мяне хаваць! Карлсан/Эрыксан яшчэ прыляціць! Да сустрэчы!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі