На 20-годдзе Apple Tea падарылі… вакалістку!
Пасля Універсітэта культуры ў Сашы Захарык атрымалася размеркавацца ў легендарны джаз-бэнд, які 25 красавіка адзначыў 20-годдзе і прэзентаваў новы альбом.
Па сцэне раскіданая добрая сотня яблык з маленькімі лагатыпамі Apple Tea. За кулісамі сноўдаюць музыкі — праз 10 хвілін знакамітыя джазмэны выйдуць на сцэну к/з “Мінск” каб разам з прыхільнікамі адсвяткаваць сваё 20-годдзе.
Аляксандр Сапега
“Я памятаю сябе і Ігара ў 20 гадоў — мы зусім не змяніліся. І такое ж адчуванне ў 20-гадовага гурта, — запэўнівае бубнач Аляксандр Сапега, які разам з бас-гітарыстам Ігарам Сацэвічам стварылі джаз-бэнд Apple Tea. — 20 гадоў — гэта, перадусім, досвед, саліднасць, і пры гэтым яшчэ не згубленае маладое і іскрыстае пачуццё перашаадкрывальніка і жаданне здзівіць. Вось гэта ёсць, засталося — дзякуй Богу! Калі б гэтага не было, мы б ужо не займаліся музыкай”.
Ігар Сацэвіч
Канцэрт распачынае п’еса “In a yellow tone” з новага альбома, прэзентацыя якога адбываецца паралельна з юбілеем. Дарэчы, альбом мае сімвалічную назву “Ten-Ten”. Далей гучыць добра вядомыя “Parnat samba” ды “Pink Sіgmund”. Apple Tea здзіўляюць неўтаймаванай энергіяй ды бадзёрым крокам у нагу з часам. І гады тут ні пры чым, кажа мастацкі кіраўнік ансамбля “Камерата” Ігар Мельнікаў. Уся справа ў людзях!
"Два буслы" у выкананні Apple Tea і "Камераты"
Ігар Мельнікаў: “Самае галоўнае, што яны разам, што яны граюць, што ў іх нараджаецца музыка і што гэта лепшыя музыкі ў нашай краіне! У іх свая энергетыка. Гэта проста цудоўныя, фантастычныя людзі. І цягам гэтых 20-гадоў сустрэча з імі — гэта заўсёды свята. Ніколі не было, каб я ішоў з сумным тварам на сустрэчу з імі”.
Разам з юбілярамі на сцэне — колішні саксафаніст бэнда, а цяпер амерыканец Андрэй Матлін і польскі трубач Роберт Маеўскі. “Ten-Ten” запісвалі ў Варшаве, і Маеўскі актыўна ў гэтым удзельнічаў. Не абыходзіцца без “Камераты” і Lipnitsky show orkestra — даўніх сяброў гурта.
Андрэй Матлін
Віталь Ямуцееў
“Яны, насамрэч, з кожным годам заваёўваюць ўсё большую колькасць публікі, — кажа слухачка Тамара. — Я сама, на жаль, пазнаёмілася з іх музыкай толькі 2 гады таму. Мы з сяброўкай увогуле любім джаз, і з задавальненнем наведваем канцэрты Apple Tea. І вельмі рады, што яны ёсць у нас у Беларусі”.
Канстанцін Гарачы
Не абыходзіцца без сюрпрызаў. Аднайменная п’еса-візітоўка Apple Tea робіцца песняй! Салістка бэнда Саша Захарык спявае яе па-партугальску.
Сашу можна павіншаваць: пасля Універсітэта культуры ў яе атрымалася размеркавацца… у Apple Tea! Праўда, кажа спявачка, давялося крыху “пабегаць”. Але сэнс у гэтым ёсць, бо, лічыць Саша, у бэнда ўсё яшчэ наперадзе:
Саша Захарык
“У першую чаргу, людзей люблю гэтых, таму што тая чалавечнасць і любоў, якія пануюць у калектыве, сілкуюць жыццёвую энергію. І хочацца пажадаць гурту, каб наступныя 20 гадоў былі такім ж яскравымі, творчымі, музычнымі, грувовымі, джазавымі. Я думаю, што ўсё яшчэ, насамрэч, наперадзе”.
Роберт Маеўскі
Міхаіл Філіпеня
Аляксандр Ліпніцкі
Apple Tea па-ранейшаму рэпетуюць дзе папала, не маюць заслужаных званняў. На іх юбілеі не ходзяць прадстаўнікі Мінкульта з карзінамі кветак і словамі падзякі. Але яны не скардзяцца: складаюць свае выкшталцоныя п’есы ды мараць з’ездзіць у Амерыку. У 20 гадоў усё толькі пачынаецца!
Lipnitsky show orkestra
Так выглядае новы альбом гурта
Выстава калекцыі Віталя Ямуцеева