Варламаў прыйшоў на суд з мыліцай (ФОТА З СУДА)
Сярод іншага, пракурор вінаваціць Варламава ў тым, што той хацеў павысіць сваю значнасць у модных колах.
16.40. Суддзя абвясціў перапынак да раніцы 5 лютага. Паседжанне пачнецца а 10-й гадзіне.
***
15.00. Пракурор агучвае падрабязнасці пра тое, якім чынам Варламаў нанёс страты Белдзяржуніверсітэту у памеры 88 мільёнаў рублёў.
14.15. Аднавіўся працэс.
***
12.50 Варламава вінавацяць у нявыплаце арэнды на 88 мільёнаў рублёў
Менавіта столькі Агенцтва моды Сашы Варламава не заплаціла за арэнду Ліцэю БДУ, па словах пракурора.
130204_papkouprakuror.mp3
Акрамя таго, пракурор абвінаваціў Варламава ў тым, што ён самавольна арганізаваў і праводзіў у Ліцэі БДУ платныя заняткі, перадае карэспандэнт Еўрарадыё Арцём Мартыновіч з залы суда.
Таксама Варламава вінавацяць у службовай падробцы. Нібыта, ён з карыслівым намерам уносіў заведама лжывыя звесткі ў даведкі, пададзеныя для аплаты ў бухгалтэрыю Ліцэя БДУ. Тое жсамае рабілі супрацоўнікі яго агенцтва.
Сярод іншага пракурор абвінаваціў Варламава ў тым, што пры падрыхтоўцы фэстаў "Млын моды" ён дзейнічаў з мэтай асабістага прызнання ў модных колах, у індустрыі моды, з мэтай павышэння сваёй значнасці.
***
11.30 Варламава пакінулі пад вартай. Суддзя абгрунтавала рашэнне тым, што па стане здароўя ён можа там знаходзіцца.
***
11.10 Сашу Варламава просяць выпусціць з-пад варты
З такім хадайніцтвам выступіў адвакат падсуднага мадэльера.
Ён спасылаецца на тое, што ў яго падабароннага другая група інваліднасці.
У сваю чаргу, дзяржаўны абвінаваўца выступае супраць. Ён спасылаецца на тое, што супраць Варламава выстаўленыя сур'ёзныя абвінавачанні.
Суддзя адправілася думаць.
***
Пацярпелых набралося прыкладна паловы залы.
***
Падсуднаму мадэльеру цяжка стаяць. Суддзя дазволіла яму сядзець, калі становіцца кепска.
Пра гэта з залы суда перадае журналіст Еўрарадыё Арцём Мартыновіч.
Па яго словах, у зале знаходзіцца каля паўтара дзясятка журналістаў і прыкладна столькі ж дзяўчат мадэльнага выгляду.
Нагадаем, што вядомага мадэльера судзяць у Ленінскім судзе сталіцы. Яго вінавацяць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх махлярства ў асабліва буйным памеры, прыўлашчванне маёмасці, ухіленне ад уплаты падаткаў, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, крадзеж у буйным памеры.
У Следчым камітэце кажуць, што ў якасці сведак па крымінальнай справе дапытаныя больш за 800 чалавек. Пацярпелымі прызнаныя 353 асобы.
Саша Варламаў знаходзіцца за кратамі з 20 траўня 2011 года. Ён займаў пасаду дырэктара прадпрыемства "Агенцтва моды Сашы Варламава", начальніка Цэнтра маладзёжнай моды БДУ ды інш.
Фота: Еўрарадыё