Насту Дашкевіч (Палажанку) знялі з цягніка, калі яна ехала ў Літву
Жонка палітвязня Змітра Дашкевіча ехала на сесію ў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Прычына — яна не памяняла пашпарт пасля шлюбу.
Як паведаміла Еўрарадыё Наста, перад паездкай яна адмыслова ўдакладняла інфармацыю ў пашпартным стале. Бо на шлюбе яна ўзяла прозвішча Дашкевіч — і мусіла замяніць пашпарт. Аднак яе супакоілі, што ўсё ў парадку: калі ў пашпарце не паставілі штамп “ануляваны” — па ім ехаць можна, проста паказаўшы штамп пра рэгістрацыю шлюба. Дзяўчына не хацела мяняць адразу пашпарт, бо там была віза — і атрыманне новай адняло б час.
Паводле словаў Насты Дашкевіч, спачатку памежнікі сказалі ёй, што праблемаў няма, але потым іх начальніку перадалі па рацыі: “Дашкевіч на выхад”. Цяпер Наста знаходзіцца на мяжы — і шукае спосаб дабрацца дадому.
Да паездкі на сесію ў ЕГУ Наста рыхтавалася працяглы час. Нагадаем, шлюб з палітвязнем Змітром Дашкевічам яна ўзяла 26 снежня ў гродзенскай турме.