Навошта фермеры нарыхтоўваюць… лёд?
Улетку лёдам замяняюць лядоўні для малака. Дзедаўскі спосаб дапамагае зарабіць за дзень на 2 мільёны больш.
“Гэтым занятыя чатыры чалавекі. Менш нельга паводле нормаў бяспекі, — распавядае Еўрарадыё старшыня СВК “Верхняе” Глыбоцкага раёна Іван Корж. — Пілуюць лёд бензапілой “Дружба”. Каб лёд быў танчэйшы, можна было б і “шведкай”, але сёлета ён таўшчэзны, 55-60 см, таму яго бярэ толькі “Дружба”.
Усяго за "сезон" атрымліваецца каля 25 тон ільду. За дзень паспяваюць нарыхтаваць да 3 тон... Кубікі па 100 кілаграмаў утрох выцягваюць на бераг пры дапамозе адмысловых “саначак” і вязуць у “сховішча”.
“Кладзем унізе плёначку, на яе — лёд маленькімі кубікамі, кілаграмаў па 8-10. Пасля ізноў плёнка, салома і пілавінне ці тарфяная крошка”, — працягвае Іван Корж. 20% ільду да восені сыходзіць у зямлю. Тое, што атрымліваецца захаваць, увесну і ўлетку замяняе калгаснікам лядоўні для малака!
Іван Корж: “Прыдумаць гэта ўсё нас жыццё прымусіла. Кароў выганяем у поле рана ўвесну. Доім на перасоўных дойках, проста ў полі. Малако ў бочкі зліваем пад адкрытым небам, на сонцы. І вось, нарадзілася такая ідэя: бярэм лёд, кладзем у пакеты і кідаем у бітоны, а толькі пасля заліваем туды малако. Так яно ахалоджваецца хутчэй”.
Колькі атрымліваецца ашчадзіць электрычнасці, старшыня СВК “Верхняе” падлічыць не можа. Лёд прыносіць гаспадарцы прыбытак іншым чынам:
Іван Корж: “Калі мы малако здаем вышэйшым гатункам ці “экстрай”, нам плацяць па 3 тысячы за літр. А калі яно пастаіць, сагрэецца, і, не дай Божа, кіслотнасць будзе хаця б крыху вышэйшая — не заплацяць і дзвюх тысяч… На адным літры адразу губляем тысячу. А за дзень можам надаіць і тону, і дзве! Глядзіце, якія грошы за адзін дзень!”
Пытаюся ў Івана Каржа, ці даводзілася ўлетку гандляваць лёдам з менш запаслівымі суседзямі. Старшыня адказвае, што такога пакуль не здаралася. Не будуць у СВК “Верхняе” і патэнтаваць сваю тэхналогію.
Фота: ecoclub.nsu.ru.