Падчас Belarus Fashion Week мадэльер прысвяціла калекцыю Варламаву (ФОТА)

Людміла Лабкова вырашыла скарыстацца магчымасцю падчас паказу сваёй калекцыі на BFW, абураная сітуацыяй, якая склалася вакол мадэльера.

Людміла Лабкова: BFW – гэта адзіны момант, які дазваляў гучна выказаць сваё меркаванне на гэты конт. Я лічу, што Саша варты таго, каб яму прысвяціць калекцыю. Я вельмі паважаю гэтага чалавека. Добра ведаю ўсю сістэму “Млына моды”. Адпрацаваўшы ў ёй больш за 7 гадоў магу сказаць, што лічу сённяшнюю сітуацыю вельмі несправядлівай”.


Тым часам, большасць калег Сашы Варламава палічылі за лепшае адмаўчацца. Свой учынак асаблівым Людміла не лічыць:

“У прынцыпе, уся сістэма ў нашай краіне пабудавана на страху. Я не баюся сказаць пра гэта. Гэта асабістая справа кожнага – маўчаць ці гаварыць. Я заўжды выказвала сваё меркаванне і з той жа смеласцю магу адказаць любому прадстаўніку дзяржорганаў пра тое, што я маю права сказаць сваё “Фе” гэтай сітуацыі”.

Апошнім часам менавіта Людміла была вядучым дызайнерам самага вядомага праекту Варламава “Млын моды”. Дызайнер супрацоўнічала з Варламавым сем гадоў, з якіх тры апошнія працавала над праектамі для фінальнага выхаду на “Млыне моды”.

“Млын моды” Варламаў распачаў 20 гадоў таму. Ідэяй праекту стала падтрымка маладых дызайнераў і таленавітых мадэль’ераў. Удзельнікаў “Млына” Варламаў асабіста адбіраў сярод маладых дызайнераў і студэнтаў у паездках па навучальных установах краіны. З Людмілай Лабковай ён некалі пазнаёміўся падчас “эскізнага туру” для студэнтаў Акадэміі мастацтваў. З першага разу Людміла трапіла на паказ у Берлін.

Людміла зараз збірае подпісы супраць абвінавачвання Сашы Варламава. Дызайнер кажа, што добра ведае сітуацыю знутры і ўпэўненая – ён перайшоў камусьці дарогу.

Людміла Лабкова: “Я нямала працавала з дзяржструктурамі, у тым ліку, з тэлебачаннем і непасрэдна з адміністрацыяй прэзідэнта. І магу сказаць, што грашовыя пытанні ў гэтых структурах вырашаюцца вельмі цяжка. А калі адказваеш за цэлы натоўп народу – трэба ўмець вар’іраваць. Я адпрацавала з ім шмат гадоў і прэтэнзій не маю. Мы ўжо напісалі лісты-хадайніцтвы. На жаль, амаль усе, хто з ім працаваў і хто з ім сябраваў, далей размоваў і абурэнняў на ўласнай кухні не пайшлі”.


Як даведалася Еўрарадыё, на паказе прысутнічала сястра Аляксандра Варламава, Рыма Шымчонак:

“Мяне запрасілі. І я бачыла гэту калекцыю. Мне вельмі спадабалася”.

Па меркаванні Людмілы, няма Сашы, няма праекту “Млына моды”. Сама Людміла адмовілася браць удзел у будучых праектах “Млына”, бо лічыць, што трымаць фестываль на такім жа ўзроўні не атрымаецца:

“Чалавек проста араў, каб усё гэта стварыць. А праект ідзе ў нікуды. “Млын” проста знік”.


Выратаваць фестываль Варламава маглі б удзельнікі былой каманды мадэльера. Але, на жаль, каманда разбеглася, зараз працуе над іншымі праектамі.

Людміла Лабкова: “Каб вазіць людзей кудысьці за мяжу – трэба добра разумець, што ты робіш. Для маладых дызайнераў, студэнтаў шыць конкурсную калекцыю – не танна. А шыць яе, не ведаючы нават, што з гэтага атрымаецца, ніхто не будзе”.

Фота: http://www.bfw.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі