“Што на мне беларускага… А бялізна лічыцца?”
“Што на вас апранута з беларускага адзення?” – з такім пытаннем Еўрарадыё выходзіць на вуліцу да мінчукоў пасля прыняцця пастановы Саўміна № 666 "Аб увядзенні дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы на ўвазныя тавары". З−за пастановы імпарт цяпер трэба правяраць.
Першымі сустракаем студэнтак Дашу ды Вольгу. Даша заўважае, што апранаецца ў родным горадзе – яна не з Мінска, на марку адзення асабліва ўвагі не звяртае. Важна, каб адзенне было якасным. З беларускай вопраткі на Дашы толькі шалік.
“Я ў асноўным беларускую прадукцыю мала набываю. Магчыма, я проста не бачу, што беларуская вопратка можа быць моднай”, − кажа Даша, якая трымае ў руках сумку ад Майкла Корса.
Яе сяброўка Вольга набывае вопратку звычайна на замежных сайтах – AliЕxpress, OTTO.
“Мяне там кошты вельмі задавальняюць, заказваю перыядычна нешта ў каталогу ОТТО, асабліва прыемна, калі на зніжку нарвешся. А вось беларускае…яно звычайнае. І не адпавядае густам сучаснай моладзі. Што ўсё−ткі на мне апранутага беларускага? З беларускага на мне толькі станік ад “Мілавіцы”.
Дзяўчыну Яну сустракаем у Міхайлаўскім скверы, пытанне тое ж.
“А бялізна лічыцца?”, − смяецца Яна. Дзяўчына звычайна закупляецца за мяжой – у Польшчы ці Літве.
“Нейкіх беларускіх дызайнераў па даступных коштах я нават і не ведаю. Магчыма, не хапае ў нас піяру беларускага адзення?”, − разважае Яна.
Настаўніца гімназіі Ірына спачатку запрашае Еўрарадыё на выставу сваіх вучняў, а потым пачынае нахвальваць беларускі абутак і трыкатаж, хоць сама Ірына акурат падчас апытання не ў беларускім абутку.
“Трыкатаж і абутак. Я сама з Прыбалтыкі і, пэўна, з савецкіх часоў ідзе такая звычка, што ўся наша сям’я, радня носіць беларускі абутак, цудоўны беларускі абутак. Чаму добры? Бо некалькі сезонаў служыць, не адзін і не два сезоны”, − кажа настаўніца. Яна заўважае, што звычайна не звяртае ўвагі на марку вопраткі.
“Малочны завод я гляну, а вось наконт марак беларускага адзення… Я ў крамах звычайна набываю адзенне і ўпэўненая, што там будзе добрае, якаснае”.
Да Еўрарадыё падыходзіць расіянка Лора Фёдараўна, пытаецца, ці не пра выбары ў нас апытанне. Даведваецца, што не пра выбары і распавядае, што ў яе гардэробе – сукенка ды касцюм беларускай вытворчасці. Яна апранае гэтыя рэчы толькі па святах.
“Вось у вас паўсюль напісана “купляйце беларускае”. І ў нас у Санкт-Пецярбургу таксама пачалі пісаць “Зроблена ў Пецярбургу”, каб сваю марку трымаць”, − распавядае Лора Фёдараўна.
Аляксею задаем такое ж пытанне: “Што на вас апранута беларускага?”. Той прызнаецца, што нічога.
“Я апранаюся ў спартыўных крамах, мне так больш зручна. Але дома, натуральна, нейкае беларускае адзенне ёсць”.
Яшчэ аднаго Аляксея заўважаем па лакіраваных чаравіках. Ён у беларускае не апранаецца.
“З−за якасці. Варта выбіраць нешта больш дарагое”.
Яго паплечнік Слава таксама нічогабеларускага на сабе не знаходзіць.
“Беларуская вопратка не стыльная, не модная. Я звычайна апранаюся ў буціках у гандлёвых цэнтрах “Сталіца”, “Люстэрка”, набываю тое, што на зніжках”.
Мастака Сяргея заўважаем здалёк на вуліцы Карла Маркса – у вочы кідаюцца добра падабраны гарнітур: штаны, кашуля ды пінжак.
“Я неяк не гляджу на марку вопраткі. Гэты вось пінжак мне парэкамендавалі. Я прагульваўся, і стала неяк холадна, дождж пайшоў, і я ў гандлёвым доме “На Нямізе” папрасіў выбраць мне пінжак, каб пасаваў да штаноў. А штаны мне зяць падарыў, не ведаю, якой яны маркі. Тым больш пінжак яшчэ на зніжцы быў”, − паказвае Сяргей на вопратку. Сяргей прызнаецца, што фанат беларускай вопраткі.
“Пінжакоў у мяне многа, летам насіў са льну. Я люблю, каб было натуральнае, таму выбіраю беларускае. І толькі калі беларускага не знаходжу, каб мне па фасоне ці па колеры пасавала, тады толькі іду ў буцікі”.