Палажанка: У калоніі паабяцалі знайсці пашпарт Дашкевіча
Лідару "Маладога фронту", палітвязню Змітру Дашкевічу сёння спаўняецца 30 год.
Намесніца старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка сёння няўдала спрабавала сустрэцца са Змітром Дашкевічам у калоніі.
Палажанка: “Мне не ўдалося сустрэцца, бо Зміцер Дашкевіч зараз знаходзіцца ў ШЫЗА. Невядома, па якой прычыне, вядома толькі, што ён выйде адтуль 25-га чысла”.
Еўрарадыё: Пра прычыну не кажуць?
Палажанка: “Абсалютна нічога невядома. Кіраўніцтва не захацела тлумачыць мне, спаслаўшыся на тое, што я "для яго ніхто". Адмовілі мне ў спатканні ў сувязі з тым, што хоць у законе напісана, што кароткае спатканне можа мець любы чалавек па ўхвалёнасці адміністрацыі, мне сказалі, што мне дазволу не даюць, бо лічаць, што я магу нашкодзіць Змітру”.
Еўрарадыё: Ваш намер са Змітром ажаніцца таксама не дзейнічае на адміністрацыю?
Палажанка: “Абсалютна не дзейнічае. Яны кажуць, што я для яго нікім не з’яўляюся. Адзінае, што я змагла дамагчыся падчас сённяшняй сустрэчы — гэта тое, што яны зробяць запыт у тую структуру, якую я папрасіла. Каб яны запрасілі пашпарт Змітра, каб мы здолелі ажаніцца, бо адзіная перашкода — гэта адсутнасць яго пашпарту ў калоніі. Спачатку размовы з адміністрацыяй яны мне крычалі, што неабавязаны шукаць яго пашпарт. І пад канец размовы мне ўдалося, яны сказалі, што зробяць такі запыт у ГУВД Мінгарвыканкама, каб яны вярнулі пашпарт асуджанаму”.
Еўрарадыё: Можа вы цікавіліся законнасцю гэтых дзеянняў, ці законна, што пашпарт Дашкевіча знаходзіцца не ў яго, не ў родных, а ў нейкай трэцяй структуры?
Палажанка: “Так атрымалася, што яго пашпарт быў канфіскаваны у межах крымінальнай справы. Ён быў канфіскаваны падчас вобшуку маладафронтаўца Яроменкі і гэтая справа не спынена. Гэта нейкая неахайнасць структураў, у якіх ляжыць гэты пашпарт, паколькі ён не з’яўляецца доказам нейкім асноўным, ён адсутнічае ў прысудах. І гэта сапраўды неахайнасць, што яго не накіравалі ўслед за чалавекам. Нават у судзе, калі Змітра судзілі, ён не быў у матэр’ялах крымінальнай справы”.
Еўрарадыё: Калі пашпарт з’явіцца, то вы ажэніцеся як мага хутчэй?
Палажанка: “Так. Там ужо ўсе дакументы падрыхтаваныя, ляжаць на тэрыторыі горкаўскай калоніі, яны могуць накіраваць у ЗАГС, проста не хапае пашпарта Змітра”.
Гл. таксама па тэме: