Палажанка: Вярніце Дашкевічу пашпарт, бо мы не можам ажаніцца!
Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч пазнаёміліся на Акрэсціна. Цяпер яны вырашылі жаніцца... у калоніі.
Незвычайную гісторыю кахання распавяла самая маладая дзяўчына-палітвязень.
20-гадовая намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту” Наста Палажанка абвясціла пра будучы шлюб са старшынёй гэтай жа арганізацыі Змітром Дашкевічам. Нагадаем, Наста, была асуджаная на ўмоўны тэрмін пасля мінулых выбараў, правяла некалькі месяцаў у СІЗА КДБ. А Дашкевіч зараз адбывае 2 гады калоніі нібыта за напад на 2 невядомых асобаў. За мінулыя паўгода Наста бачыла Змітра толькі аднойчы – на яго судзе. Гэта стала асноўнай прычынай рашэння жаніцца зараз – як муж і жонка яны нарэшце атрымаюць права на спатканні.Іх гісторыя кахання доўжыцца ўжо… 7 год!
Наста Палажанка: “Упершыню я пабачыла Змітра ў 2004 годзе, калі ён выходзіў са спецразмеркавальніка на Акрэсціна. І запомніла я яго вось такім – калі яму было 23 гады. І нават цяпер, калі мы перапісваемся, мы жартуем, што я называю яго “мальчыкам”. Бо цяпер гэта ўжо мужны мужчына, якому хутка споўніцца 30 год”.
Такія кранальныя здымкі Наста шле Зміцеру ў калонію
Тады ж Наста далучылася да “Маладога Фронту”, намесніцай старшыні якога цяпер і з’яўляецца. А замуж выходзіць за старшыню!
Наста Палажанка: “Відаць, у Змітра я і навучылася любіць, шанаваць краіну, аддавацца “Маладому Фронту”. А пасля я заўважыла, што ён навучае мяне не толькі гэтаму, але і поглядам у жыцці. Мы вельмі шчыльна пасябравалі, заўжды былі побач. І я зразумела, што мы сапраўды робімся падобнымі адно на аднога. Разумелі, да чаго гэта калісьці прывядзе”.
Палажанка кажа, што закахалася не толькі ў палітычнага лідара, але і ў прывабнага мужчыну
Барыкады з’ядналі пару: замест узаемных падарункаў, букетаў і праводзін да пад’езда ў іх былі аўтазакі, галадоўкі і “суткі” на Акрэсціна.
Наста Палажанка: “Безумоўна, нашая дзейнасць у “Маладым Фронце” зблізіла нас, бо шмат якія выпрабаванні і беды мы праходзілі разам. Я была побач пры ўсіх затрыманнях Змітра, збірала яму потым перадачы. Калі на яго ўзбудзілі першую крымінальную справу, я абвясціла галадоўку, спадзеючыся, што гэта нешта зменіць… Часам пытанне стаяла пра жыццё і смерць… Напрыклад, калі “невядомыя” вывезлі Змітра ў лес… Мы, відаць, загартавалі нашае пачуццё ў такіх сітуацыях, калі маглі страціць адно аднога…”
Шлюб Зміцера і Насты – той выпадак, калі абое “як са сталі”
Зміцер зрабіў Насці прапанову ў лісце. Але, каб атрымаць гэты ліст, Палажанцы давялося “пазмагацца за сваё шчасце”.
Наста Палажанка: “Зміцер піша мне практычна штодзень. І вось аднойчы лісты перасталі даходзіць – паўтара ці два тыдні. Я занепакоілася, адвакат спраўдзіў у Змітра – той адказаў, што спраўна піша… Я дала інфармацыю ў СМІ. І ўжо нараніцу знайшла ў паштовай скрыні цэлы стос лістоў ад Змітра, за цэлы тыдзень! І ў адным з іх была прапанова выйсці за яго замуж”.
Зміцер (крайні справа) як джэнтльмен даўно дапамагае Насці насіць цяжкія сумкі
Зміцер і Наста – шчырыя вернікі, рэгулярна наведваюць пратэстанцкую царкву. Таму для іх важна абвянчацца. Аднак высветлілася, што ў Горацкай калоніі гэта забаронена.
Наста Палажанка: “Безумоўна, мы са Змітром хацелі б абвянчацца. Гэта важна для нас – спраўдзіць перад Госпадам свае пачуцці. Але мы сутыкнуліся з сітуацыяй, што не можам абвянчацца ў турме, бо гэта забаронена. Я тэлефанавала, прасіла, даведвалася – у чым гэта праблема, прывесці пастара ў калонію? Але сказалі, нельга, толькі роспіс. І мы прынялі рашэнне, што вянчанне адбудзецца калі Змітра вызваляць”.
Зміцер Дашкевіч ў ранняй маладосці
Тут Змітра ўжо можна пазнаць
Юная Наста Палажанка
За 4 месяцы Наста атрымала ад Змітра шмат лістоў
Нягледзячы на абвешчаныя планы пра вяселле, Наста не ведае, калі яно дакладна адбудзецца. А ўсё таму, што ў працэсе затрыманняў-судоў-зняволення недзе падзеўся Дашкевічаў пашпарт…
Наста Палажанка: “У Горацкай калоніі, дзе знаходзіцца Зміцер, вяселлі спраўляюць толькі кожную трэцюю сераду месяца. У гэтым месяцы гэта 20 ліпеня – якраз дзень 30-годдзя Змітра! Я так спадзявалася, што зраблю яму падарунак!.. Але раптам высветлілася, што ў яго справе няма пашпарта – яго “згубілі” ці то ў судзе, ці то ў КДБ… Спадзяюся, што праз Еўрарадыё мяне там пачуюць: калі ласка, вярніце Дашкевічу пашпарт!.. Калі гэта адбудзецца зараз, мы яшчэ паспеем ажаніцца 20 ліпеня, бо ўсе дакументы гатовыя, не хапае толькі ягонага пашпарта!..”
На працоўным стале Насці – здымак Дашкевіча
Зміцер з калоніі даслаў Насці “падпраўлены” верш Багдановіча