Палажанка звярнулася да суддзі і пацярпелых па справе Дашкевіча-Лобава

У Дзень Канстытуцыі намесніца старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка звярнулася з адкрытым лістом да суддзі Алены Шылько і гэтак званых "пацярпелых" Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава, якім мае быць "галоўнымі героямі" ў судзе 21 сакавіка па справе Дашкевіча-Лобава, паведамляе прэс-служба Маладога Фронту.

"Гэтае пасланне адрасавана Вам як чалавеку, што бярэ на сябе адказнасць перад Богам і народам падчас ганебнага судовага працэсу над лідэрамі “Маладога Фронту”.

Я звяртаюся да Вас з просьбаю не дапускаць беззаконня ў судзе і, нагадваючы пра маральную і крымінальную адказнасць за несправядлівы прысуд, заклікаю Вас вызваліць нашых сяброў і паплечнікаў", — піша Палажанка да суддзі.

Палажанка піша, што недарма звяртаецца з гэтым зваротам у Дзень Канстытуцыі. "Калі Божае слова не ёсьць аўтарытэтам да Вас, можа аўтарытэтам ёсць Канстытуцыя? Тады нагадваю, што “суддзi пры ажыццяўленнi правасуддзя незалежныя i падпарадкоўваюцца толькi закону”, — піша Палажанка.

"Савіцкі Канстанцін, Малышаў Алег, Вам выпала быць пацярпелымі па крымінальнай справе Дашкевіча-Лобава. Сведка хлуслівы здзекуецца над судом (Выслоўі 19:28). Не дапусціце здзекаў з судовага працэсу 21 сакавіка, і Вы будзеце даспадобы Госпаду.

Хлопцы выйдуць рана ці позна.. Але Вы? Дзе апынецеся вы? Кожны будзе суджаны паводле сваіх шляхоў. І я заклікаю Вас, звяртаючыся да Пісання: Узненавідце зло, палюбіце дабро і аднавіце правасуддзе. (Амос 5:15).

Мы ў сваю чаргу будзем адстойваць усімі шляхамі вызвалення сваіх сяброў і ўсіх тых, хто цяпер застаецца за кратамі", — піша актывістка Маладога Фронту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі