Амаль усіх горацкіх пікетоўцаў пасадзілі пад арышт
Суды над удзельнікамі ўчорашняга пікета ў падтрымку Змітра Дашкевіча прайшлі 3 жніўня ў Дрыбіне і ў Горках.
Насту Палажанку, нявесту лідара "Маладога фронта" асудзілі на 12 сутак. Астатнія прысуды таксама былі жорсткімі. Мікалай Дземідзенка асуджаны ажно на 17 сутак. Яўген Скрабец, Юлія Міхайлава, Максім Сямёнаў і Вячаслаў Барысаў правядуць за кратамі 10 сутак. 10 сутак далі таксама незалежнай журналістцы Таццяне Шапуцька. Ганна Шаруба атрымала 13 сутак, Аляксей Санчыла павінен адседзець 7 сутак, Раман Панжын 5 сутак, паведамляе БелаПАН. Аляксандр Велічэнка абышоўся штрафам у 1 мільён 50 тысяч рублёў.
Раней паведамлялася, што суды пачнуцца толькі 4 жніўня ў Горках, аднак разбор справаў па невядомых прычынах паскорылі. Іх пачалі а 18.00 у канцы працоўнага дня.
Іван Шыла і Зміцер Шурхай запатрабавалі адвакатаў, таму іх адпусцілі. Суд над імі перанеслі на 8 жніўня. Справу Рамана Васільева перанеслі на 9 жніўня, ён таксама заявіў, што патрабуе адваката.
Усім затрыманым інкрымінавалі незаконнае пікетаванне і непадпарадкаванне міліцыі.