Пісьменнік з Беларусі зняў безбюджэтны фільм у Чалябінску
На здымкі спатрэбілася 8 дзён. Сюжэт перапісаны з аповесці, якая распавядае пра магілёўскага футбаліста.
26 лютага на фестывалі кінематаграфічных дэбютаў “Дух агню” ў Ханты-Мансійску расійскі пісьменнік беларускага паходжання Уладзімір Казлоў прэзентуе свой фільм “Дзясятка”.
Творца распавёў Еўрарадыё пра кіно, створанае за 8 дзён і без грошай.
Уладзімір Казлоў: Гэта нетрадыцыйны праект для Расіі, ён зняты па-за кінаіндустрыяй, без падтрымкі студый і без бюджэту. І больш за тое — далёка ад месцаў, дзе ў Расіі здымаецца кіно: ад Пецярбурга ці ад Масквы. Фільм зняты ў Чалябінску. Каля двух гадоў таму мне ў сацсеткі напісаў Яўген Графаў з Чалябінска і папрасіў, каб я перадаў яму правы на раман “Плацкарт” — ён хацеў зняць безбюджэтны фільм. А гэта быў мой адзіны раман, на які правы былі прададзены. Але факт, што чалавек збіраўся зняць безбюджэтны фільм, мяне ўразіў. Праз нейкі час я падумаў: у мяне ёсць аповесць “Дзясятка”, дзеянне можна перанесці ў наш час. І ўжо я звярнуўся да Яўгена Графава. Прапанаваў яму стаць прадзюсерам і другім рэжысёрам. Тэхналогія цяпер нічога не каштуе, галоўнае, каб быў сцэнар, ідэя, ну і сабралася каманда, якая зноў жа сабралася дзякуючы сацыяльным сеткам. Многія адзін аднаго не ведалі на пачатак здымак, практычна ніхто не меў досведу ў кіно.
Еўрарадыё: Пра што ўвогуле “Дзясятка”?
Уладзімір Казлоў: Галоўны герой — былы футбаліст. Ён атрымоўвае траўму і заканчвае кар’еру ў 18 гадоў. Вяртаецца ў родны горад, дзе яму пагражае войска. І вось ён трапляе ў рэальнасць, з якой ён з’ехаў некалькі гадоў таму. Даволі жорсткую небяспечную рэальнасць, у якой ён увогуле не арыентуецца, не разумее, што адбываецца.
Еўрарадыё: Колькі часу спатрэбілася на стварэнне стужкі?
Уладзімір Казлоў: Здымаўся фільм вельмі хутка. Мы ўсё зрабілі так, каб зняць за 8 дзён. І мы ў іх амаль уклаліся — былі толькі 3 сцэны, якія даздымалі пасля. Праблемы ўзніклі ўжо на стадыі пост-прадакшн: мы не вельмі добра запісалі гук, у выніку прыйшлося папоркацца. Таму пост-прадакшн зацягнуўся больш чым на год: фільм быў зняты практычна цалкам увосень 2011 года, а прэм’ера толькі цяпер.
Еўрарадыё: Чым увогуле навеяны сюжэт? Гэта можа працяг вашых ранніх кніг пра Магілёў?
Уладзімір Казлоў: Першапачаткова была аповесць, напісаная 3 гады таму. Там дзеянне, зразумела, у Магілёве, зразумела, у 1990 годзе. Але без бюджэту ўзнаўляць той час было немагчыма. А рабіць нешта, што будзе недакладным, я не хацеў. А ўвогуле гісторыя — універсальная. Яна ўжо настолькі не прывязаная да 1990 года. Заўжды можа ўзнікнуць сітуацыя, калі чалавек трапляе ў рэальнасць, у якой ён не арыентуецца. І, адпаведна, пачынае здзяйсняць нейкія дзіўныя ўчынкі. У пэўнай ступені стартавай кропкай можа служыць, але вельмі далёкай, аповесць аўстрыйскага пісьменніка Петэра Хандке “Страх варатара перад адзінаццаціметровым”.
Еўрарадыё: Ці будзеце рабіць прэзентацыю ў Беларусі?
Уладзімір Казлоў: Хацелася б. Калі пройдзе фестываль, будзем разглядаць вельмі розныя варыянты. Была ўжо тэарэтычная размова пра Беларусь, Мінск. Пакуль гаварыць рана. Але калі атрымаецца, то вельмі хацелася б фільм паказаць, бо ўвогуле такога кіно фестывальнага і безбюджэтнага даходзіць не вельмі шмат.
Еўрарадыё: Ці замаўлялі нейкія адмысловыя саўндтрэкі для фільма?
Уладзімір Казлоў: Музыка напісана спецыяльна, яе напісаў кампазітар з горада Міаса, недалёка ад Чэлябінска. Яму паказалі гатовы матэрыял і сказалі: “Напішы, што лічыш патрэбным”. Мне падаецца, што чалавек змог увайсці ў матэрыял і практычна ўсе трэкі, што ён прапанаваў, упісаліся, мы іх уключылі.
Нейкіх узнагародаў на фестывалі ў Ханты-Мансійску Уладзімір Казлоў не чакае. Але сам удзел у конкурсе называе прынцыповым для каманды фільма.
Фота: izvestia.ru