"Працяг санкцый — пацверджанне статуса-кво, які не на карысць Беларусі"

15 кастрычніка Савет ЕС працягнуў санкцыі супраць Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года.

“Міністры замежных спраў краінаў ЕС абмеркавалі апошняе развіццё ў апошнія парламенцкія выбары ў Беларусі, сітуацыю з палітычнымі вязнямі, апошні дыпламатычны крызіс паміж Беларуссю і Швецыяй. На падставе гэтага было вырашана працягнуць санкцыі”, — распавядае Еўрарадыё Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі.

Па тлумачэнні такога рашэння ЕС Еўрарадыё звярнулася да беларускага палітолага Алеся Лагвінца.

Алесь Лагвінец: “Гэта значыць, што сітуацыя ў Беларусі не мяняецца да лепшага. Еўрасаюз канкрэтна вызначыў сваё стаўленне. Ён паказаў, што гатовы размаўляць нават з сённяшнімі ўладамі Беларусі, але пры ўмове мінімальных зменаў. Гэтыя змены тычацца вызвалення палітвязняў, пачатку дыялогу ўнутры краіны”.

Таксама Еўрасаюз падкрэсліў, што менавіта ўлады Беларусі не жадаюць спрашчаць магчымасці для беларусаў наведваць краіны ЕС, кажа эксперт. І дадае, што ўвогуле працяг санкцый – гэта пацверджанне статуса-кво, які, на жаль, не на карысць Беларусі і беларускага народа.

Тым часам палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць, што працягнутыя санкцыі аказаліся неэфектыўнымі. А таму незразумела, навошта выкарыстоўваць інструмент, які не працуе.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое было абмеркавана на паседжанні Савета ЕС: выкрасліць ці пакінуць у спісе неўязных беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. У выніку ў спісе ён застаўся.

“На дадзены момант спадар Макей знаходзіцца ў спісе абмежавальных мераў, якія былі працягнуты. Але як я гаварыла раней, у кожны момант рашэнне можа быць перагледжана. Ён захоўвае магчымасць прасіць візу ў індывідуальным парадку”, —- кажа Мая Качыянчыч.

Алесь Лагвінец таксама не выключае, што Уладзімір Макей мае магчымасць наведаць Еўропу, нават знаходзячыся ў чорным спісе. Але рашэнне пакінуць міністра неўязным лічыць сімвалічным.

Алесь Лагвінец: “Рашэнне паказвае незадаволенасць і абурэнне з боку Еўрасаюза да паводзінаў, якія дэманструюць улады Беларусі”.

Таксама варта дадаць, што Савет ЕС заклікаў улады Беларусі спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ.

Эксперт: ЕС не ведае, куды далей рухацца ў адносінах з Беларуссю

Фота: baltic-review.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі