Прэмію Гедройца і 10 тысяч еўра атрымаў Уладзімір Някляеў (фота)
Пісьменнік аддаў кветкі і грошы жонцы Вользе
1 сакавіка ў Мінску ўручылі літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. Упершыню прэмія за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную за прамінулы год, уручалася ў 2012 годзе. Яе заснавальнікі — Амбасада Польшчы ў Мінску, Польскі інстытут у Мінску, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр. У мінулым годзе прэмію атрымаў празаік Павел Касцюкевіч за “Зборную РБ па негалоўных відах спорта”.
Яшчэ напачатку абвяшчэння пераможцаў сябра журы, пісьменнік Уладзімір Арлоў сумна пажартаваў:
“Паколькі для аднаго з нашых намінантаў хутка пачынаецца каменданцкая гадзіна, мы мусім быць лаканічнымі…”
Такім чынам Арлоў нагадаў, што Някляеў дагэтуль адбывае ўмоўны тэрмін за Плошчу — і мусіць у 20:00 быць дома. Якраз гэты намінант і атрымаў першае месца — Уладзімір Някляеў за кнігу "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без". Пісьменнік тут жа жартам аддаў кветкі і чэк на 10 тысяч еўра жонцы Вользе.
Адразу пасля ўручэння Еўрарадыё папрасіла Уладзіміра Някляева пракаментаваць, ці не палітызуе яе тое, што перамог былы кандыдат у прэзідэнты.
Уладзімір Някляеў: “Пра тое, што прэмія можа стаць палітычнай, калі яе атрымае Някляеў, я чытаў. Я тады падумаў, што якраз у адваротным выпадку — калі па палітычных меркаваннях кніга будзе адсунута ўбок, вось тады гэта будзе палітычнае пытанне. А калі ўсё-ткі падыход будзе літаратурны, то гэта не будзе пытаннем палітычным. Але я не кажу, што мая кніга найлепшая. Калі ж некаму надта захочацца зрабіць палітыку, то ён можа зрабіць палітыку з чаго заўгодна”.
Просім Уладзіміра Пракопавіча агучыць ягоных уласных фаварытаў. Някляеў называе ўсіх удзельнікаў шорт-ліста, апроч Адама Глобуса.
Уладзімір Някляеў: “І “Шал” Станкевіча добрая кніга… У Рублеўскай добрая кніга, абсалютна чытэльны раман… І ў Балахонава добрая проза, з прыдумкай. У Бахарэвіча я не люблю некаторыя эсэ за нейкія непрымальныя для мяне з маральнага боку рэчы. Але што тычыцца літаратуры, то гэта больш чым нармальная кніга”.
Другое месца дасталося Альгерду Бахарэвічу за кнігу "Гамбургскі рахунак Бахарэвіча". Узнагарода — паездка ў творчы адпачынак на шведскі востраў Готланд.
Альгерд Бахарэвіч: “Я доўга не буду казаць. Натуральна, першым быць лепш, чым другім. Але мне вельмі цікава, хто будзе першы, таму я сяду і пачакаю".
Трэцяе месца за кнігу “Сказы” прысудзілі Адаму Глобусу. Прыз — творчы побыт у польскім Уроцлаве.
Адам Глобус: “Я вельмі ўсцешаны, што беларуская проза і нават мой сціплы талент мае столькі чытачоў, колькі я сёння бачу”.
Агулам у гэтым годзе на прэмію было пададзена 43 кнігі прозы, у шорт-ліст увайшлі 6 асобаў: Уладзімір Някляеў, Адам Глобус, Юры Станкевіч, Сяргей Балахонаў, Людміла Рублеўская і Альгерд Бахарэвіч.