“Прызнаць віну яны могуць толькі пад ціскам, бо не вінаватыя!”
Дзяўчына, якая адсядзела 12 гадзінаў па падазрэнні ў нападзе на расійскую амбасаду, у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё распавяла, як 3 верасня затрымлівалі ўдзел
Н.: Нас затрымлівалі раніцай, вельмі рана. Недзе ў 6:20 мне
патэлефанавала мая аднагрупніца і сказала, што праз паўгадзіны мы
сустракаемся на прыпынку. Я пагадзілася, пайшла на кухню і ўключыла
чайнік. Раптам пазванілі ў дзверы. Выйшлі хлопцы, з якімі мы жывем у
адной кватэры. Коля запытаўся, хто там, але яму не адказалі. Саша
адчыніў дзверы, і ў кватэру ўварваліся праваахоўныя органы.
Н.:
Усе былі ў цывільным, твары хавалі пад маскамі. Ва ўсіх былі “ствалы”.
Яны пачалі выбіваць дзверы шчытамі і паклалі ўсіх на падлогу. Пасля
развялі ўсіх па розных пакоях і запыталіся прозвішча і імя. Самі,
натуральна, ніякіх пасведчанняў не паказалі. Мы дагэтуль дакладна не
ведаем, хто нас затрымліваў!
Яны вялі аператыўныя здымкі. А мы былі толькі з ложкаў, распранутыя. Мы прасілі апрануцца, бо было халодна, але нам адказалі: “Потым!”.
Пасля нас утрох паставілі да сцяны ў аднаго з пакояў. І так мы
прастаялі блізу гадзіны, трэсліся. Пасля нехта з “праваахоўнікаў”
накінуў на мяне нечую байку.
Еўрарадыё: Ці далі вам патэлефанаваць?
Н.:
Не, на гэтыя просьбы нічога не адказвалі. Пасля нам далі апрануцца і
схадзіць у прыбіральню. Прывялі панятых і пачалі ператрус, у выніку
якога ў нас забралі літаратуру, дыскі, 5 кампутараў і 2 ноўтбукі, флэшкі
і тэлефоны.
Еўрарадыё: Як выбіралі дыскі, якія забраць, бо ў кватэры іх, відаць, было шмат?
Н.: Вельмі
шмат. Дыскі былі расфасаваныя па скрынках. Яны пачалі разбіраць гэтыя
скрынкі, і я паспрабавала паглядзець, што менавіта ў нас забіраюць. Але
мне загадалі павярнуцца да сцяны, і я не паспела нічога разгледзець.
Ведаю, што яшчэ забралі грошы, якія мы адклалі на кватэру.
Еўрарадыё: То бок, невялікія грошы?
Н.: 40-60 тысяч, я чула такія лічбы. Я прасіла дазволу папаліць, але мне адказвалі: “Пасля ў цябе будзе час і папаліць, і падумаць”.
Нас з іншай дзяўчынай, Лерай, вывелі з кватэры каля 12:00, і павезлі ў
міліцыю. А там размеркавалі па розных кабінетах, і я больш нікога з
нашых амаль не бачыла. Толькі Колю аднойчы заводзілі на 5 хвілінаў. У
аддзяленні нам задалі шмат пытанняў, але ўсё было культурна. Ніякага
рукапрыкладства. Але вельмі шмат пытанняў.
Еўрарадыё: Пра што ў вас пыталіся?
Н.: Адразу
сказалі, што нас затрымалі ў звязку з акцыяй, якую нібыта правялі
анархісты ля расійскай амбасады. Таксама пыталіся, ці ведаю я
што-небудзь пра акцыю 1 траўня [напад на Дом прафсаюзаў у Мінску. ― Заўв. Еўрарадыё].
Еўрарадыё: Як ты думаеш, чаму з гэтымі пытаннямі прыйшлі менавіта да вас?
Н.:
Не ведаю. Як я даведалася пасля, акрамя нас “бралі” яшчэ 5 кватэраў. А
каля 19:00 мяне адпусцілі. Я напісала распіску пра тое, што забіраю
ключы ад кватэры, і сышла.
Еўрарадыё: Чаму цябе не затрымалі разам з астатнімі?
Н.: Калі я запыталася, чаму не адпускаюць астатніх, мне сказалі: “Ідзі давай, ты проста апынулася не ў тым месцы, не ў той кватэры”.
Да размовы далучаецца А., яшчэ адна сацыяльная актывістка.
Еўрарадыё: Вось гэтыя маладыя людзі, якіх затрымалі, ― хто яны? Чаму міліцыя падумала, што яны маюць дачыненне да нападу на амбасаду Расіі?
А.: Іх затрымалі, таму што яны сацыяльна актыўныя людзі.
Н.: Гэтыя людзі ўдзельнічалі ў акцыях FNB [Ежа замест бомбаў. У цэнтры Мінска моладзь корміць бяздомных. ― Заўв. Еўрарадыё], у “Крытычнай масе”. Абаранялі правы жывёлаў: хадзілі ў прытулкі, спрабавалі дапамагчы грашыма і сваёй працай.
А.: Гэтыя людзі прымільгаліся, вось за іх і зачапіліся.
Еўрарадыё: Ці захоўваецца зараз нейкая сувязь з затрыманымі?
Н.:
Ніякай сувязі няма. Яны знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. Дарэчы,
калі я сядзела ў міліцыі, мне казалі, што мне пагражае да 10 гадоў
пазбаўлення волі, калі я нічога не распавяду. Хаця мне не было, чаго
распавядаць! А пасля казалі: “Нічога, зараз пасядзіш у ізалятары
часовага ўтрымання, і можа адумаешся”.
Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць таго, што нехта з затрыманых прызнае сваю віну? Хуліганства ― не такі ўжо страшны артыкул...
А.: Прызнаць
сваю віну яны могуць толькі пад ціскам. Бо не вінаватыя! Я асабіста
ўпэўненая ў тым, што зараз затрымалі не тых людзей, якія здзейснілі
напад на амбасаду. У некаторых з іх ёсць алібі. Некаторыя былі ў іншым
горадзе. Сярод іх толькі адзін чалавек з Мінска, а ўсе астатнія ―
Бабруйск, Наваполацак... Пра аднаго хлопца я дакладна ведаю, што яго не
было ў сталіцы, ён быў у сябе дома. Але пакуль ім не прад’яўленыя
абвінавачанні, гэта не істотна.
Еўрарадыё: На сайце “Індымедыя” з’явілася заява наконт таго, што адказнасць за акцыю 30 жніўня ўзялі анархісты.
А.: Ніякага
сэнсу ў тым, каб кінуць “кактэйль Молатава” у нечую машыну, я не бачу.
Бо ўсе добра разумеюць, што Хімкінскі лес ад гэтага высякаць не
перапыняць. Мы салідарныя з абаронцамі Хімкінскага лесу. Але пад такую
акцыю ў Мінску ніхто з беларускіх анархістаў свядома не “падпішацца”.
Еўрарадыё: Але інфармацыя і відэа з акцыі з’явілася ў інтэрнэце. Таксама, як і пасля нападу на Дом прафсаюзаў.
А.: Тут
нестыкоўка атрымліваецца. Пасля 1-га траўня ў інтэрнэце адразу
з’явілася інфармацыя пра напад на Дом прафсаюзаў. Анархісты адразу
паведамілі пра тое, што здарылася. А тут ― атака на амбасаду была 30-га,
а пасля ― два дні цішыні. І толькі потым з’яўляецца нейкае відэа,
знятае на хуткую руку... Для анархістаў такія паводзіны не характэрныя. Я
думаю, што некаму ў справе гэтага нападу спатрэбіліся вінаватыя. І таму
прыгадалі пра анархістаў.
Еўрарадыё: Што за арганізацыя “Сябры свабоды”, якая ўсклала на сябе адказнасць за акцыю?
А.: Мы ўпершыню пра яе даведаліся са зварота, размешчанага на “Індымедыі”.
Еўрарадыё: Але нехта ж размясціў там відэа і зварот?
А.: Пакінуць запіс на “Індымедыі” можа хто заўгодна, такі прынцып працы гэтага рэсурсу.
Еўрарадыё: Якое, на вашу думку, найбольш верагоднае развіццё падзеяў?
А.: 6
верасня ў 16:30 сканчаюцца тры дні, на якія затрымалі сацыяльных
актывістаў. Магчыма, іх адпусцяць без прад’яўлення абвінавачанняў. Але
глядзіце, у нас наперадзе выбары, і таму зараз улады “суцішаюць”
арганізаваныя суполкі людзей, прычым не важна, палітычна яны
каардынуюцца, ці нейкім іншым чынам. Таму я прадбачу, што гэта не
апошнія затрыманні. Сёння ўзяліся за анархістаў, заўтра ― яшчэ за
каго-небудзь возьмуцца.
Н.: Я пражыла разам з гэтымі
хлопцамі блізу двух месяцаў. І ніколі не заўважала за імі нейкіх
прыкметаў агрэсіі. Яны ніколі нават не абмяркоўвалі ніякіх нападаў. Таму
асабіста я ўпэўненая ў тым, што яны не вінаватыя. Іх мусяць адпусціць.