Re1ikt: "Мы ёсць любоў"

Канцэрт гурта адбыўся ў межах праекта "СТАРТ" у падтрымку маладых музыкаў. Галоўная ідэя такіх канцэртаў — вольны ўваход. На вуліцы пахаладала да нуля і на канцэрт гурта падцягнуліся, здавалася, усе тыя, каму няма куды ісці ў мінусавое надвор’е. Велізарныя чэргі былі паўсюль: на ўваход у клуб, у гардэроб, у бар, а пасля і за аўтографамі ў грымёрку. Але "выпадковыя" людзі не палохаюць музыкаў Re1ikt — наадварот!

Уладзімір Казлоў

"Я вельмі рады, што выпадковыя людзі сюды зайшлі. — кажа вакаліст гурта Ўладзімір Казлоў. — Гэтыя бясплатныя канцэрты ўжо праходзілі ў Рэ:пабліку, але не заўжды тут было шмат людзей. А як не прыйсці на бясплатны канцэрт?! Таму я вельмі рады, што сюды прыйшло шмат людзей, якія не ведаюць Re1ikt і ўпершыню нас пачуюць".

Re1ikt выйшаў на вялікую сцэну пасля перапынку даўжынёй у год. За гэты час гурт паспрабаваў знайсці замену вакалісту каманды Ўладзіміру Казлову, але праз пэўны час музыка усё ж вырашыў вярнуцца.

 

"Перш за ўсё для мяне гэта вялікая адказнасць, таму што тут сабралася шмат людзей, і гэта вялікі-вялікі абмен шчырай цеплынёй і сардэчнасцю, — кажа Уладзімір Казлоў. — Пасля такой вялікай паўзы ты аддаеш сябе ў рукі гэтых людзей, таму я адчуваю сябе спакойна, ўтульна і ўсё добра!"

Як высветлілася, Re1ikt — музыкі адказныя, чаго толькі не падрыхтавалі да свайго сольніка! Адмысловае відэа, конкурсы, дуэты, танцавальнае "фаер-шоў" і шмат чаго яшчэ. Праўда, акурат танцы з нечым падобным на лямпачкі-сняжынкі выглядалі крыху дзіўна — нібыта не паспелі горад упрыгожыць да навагодніх святаў, як дзяўчаты разабралі дэкарацыі і выйшлі з імі на сцэну.

 

Не забыўся Re1ikt і пра будучы Дзень студэнта — музыкі прысвяцілі сённяшнім "мучанікам навукі" шмат песень на пачатку канцэрта, пасля чаго зладзілі адмысловы "блок" кавераў — з песні "Old man" Ніла Янга атрымалася шыкоўная беларуская версія "Стары, глядзі на мяне", нечакана гучаннем падобная на Уліс. А "Тры Янгалы" у версіі Re1ikt увогуле загучалі так, як шмат хто хацеў бы пачуць гэту песню ў Троіцы. А яшчэ нехта разглядзеў у Re1ikt гурт Metallica, а нехта — нават самога Сержа Танкяна!

"Re1ikt заняў нішу, якая была свабоднай у беларускай музыцы, – распавядае меламан са Слуцка. — Яны сумясцілі мульціінструментальнасць і народныя матывы. Яны пачынальнікі! А яшчэ варта адзначыць, што Re1ikt праводзіць выдатны "чос" па рэгіёнах і не грэбуе выступамі не тое што ў раённых цэнтрах, а нават ў маленькіх пасёлках, як Халапенічы, куды я, дарэчы, паеду. Так яны адназначна здабылі новых прыхільнікаў!"

 


Бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка прадстаўляў кожную кампазіцыю, і увогуле шмат размаўляў з гледачамі, піярыў цішоткі і пласцінкі, што прадаваліся ў фае клуба, і настойліва раіў звярнуць увагу на будучыя выступы каманды. Адзін з іх —у межах праекту "Тузін. Немаўля", адбудзецца 22 лістапада ў клубе Loft. Для праекта музыкі ў якасці тапёраў "агучаць" фільм "У агні народжаная". "Хто не прыйдзе ў Loft — таму ў лоб!" — сурова кажа Аляксандр Дземідзенка, а Еўрарадыё яго ў гэтым падтрымлівае — убачаная дзея нас сапраўды ўразіла. Дарэчы, ужо падчас канцэрту ў Re:Public музыкі прадэманстравалі, як гэта будзе выглядаць, чым абсалютна зачаравалі публіку.

Завяршыўся канцэрт "электрычнай" праграмай, падчас якой на некалькі песень на сцэну выйшла вакалістка гурта "Рокаш" Паліна Дулінец, праўда, мы так і не зразумелі, навошта. А пасля "бісу" гледачы яшчэ доўга не разыходзіліся і абмяркоўвалі "феномен" Re1ikt: хлопцы адзначалі музычныя здольнасці каманды, дзяўчаты — перш за ўсё зачаравана распавядалі пра харызму вакаліста.

Паліна Дулінец 

"Re1ikt — гэта якасная музыка, пладавітасць, незвычайнасць, — распавядаюць хлопцы-студэнты журфака. — А яшчэ гэты напор, тэмперамент, жарсць да музыкі. Усё разам дае проста выбух! Ну, і, натуральна, музыкі: Уладзімір усё ж для дзяўчат, а вось брутальны Саша Дземідзенка — для сапраўдных мужчын".


Аляксандр Дземідзенка

"Нас перш за ўсё зачапіла музыка Re1ikt ды і самі музыкі, натуральна, — кажуць дзяўчаты перад сцэнай. А пасля невялічкай паўзы прызнаюцца — Вакаліст – наш любімы ўдзельнік гурта, натуральна. Ён, мабыць, любімчык паловы зала тут! І яму вельмі ўдаюцца балады. Увогуле, іх музыка нагадвае нешта паганскае і напаўтрансавае!"

У музыкаў на гэта ёсць свой адказ: Re1ikt ёсць любоў, кажа Ўладзімір Казлоў.

"Які феномен? — сціпла кажа Уладзімір. — Гэта называецца любоў! Робім шчыра. Мы працуем над гэтым кожны дзень, вельмі шмат сваёй энергіі аддаём гэтай музыцы, таму, як ёй не паддацца — я проста не ведаю!"

Зміцер Наркевіч


Дарэчы, пасля канцэрта шмат у каго ўзнікла пытанне наконт бясплатных канцэртаў — маўляў, хоць невялічкіх грошай, але квіток мусіць каштаваць. А згодна апытанцы Еўрарадыё, гледачы, якія прыйшлі на Re1ikt у той вечар, згодныя былі заплаціць за канцэрт улюбёнай каманды ад 50 да 200 тысяч рублёў.

Фота: another.by, metalscript.net

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі