Шушкевіч: Я адгаворваў дзяўчат з FEMEN ад акцыі ў Мінску

Дзяўчаты збіраюцца распрануцца на вуліцах беларускай сталіцы, каб нагадаць аб падзеях у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пра гэта сваё жаданне феменісткі паведамілі Станіславу Шушкевічу пасля яго прэсавай канферэнцыі ў Кіеве, што праходзіла 12 снежня.


Па словах палітыка, сустрэча з украінскімі актывісткамі яго моцна ўразіла і ён паспрабаваў іх адгаварыць ад задуманай акцыі.


Станіслаў Шушкевіч: “Я выходжу з гэтай прэс-канферэнцыі, а тут — 10 прыгожых, маладых дзяўчат! Тут любы чалавек ашалее. Яны, па-мойму, хочуць прыехаць у Мінск і рабіць тут сваю акцыю. Яны хочуць прыехаць 19 снежня, але я ім сказаў, што я бачыў, як у нас такіх маладых і прыгожых збівалі і калечылі, і таму — мой абавязак іх папярэдзіць...”.


Праўда, кажа, не вядома, ці дзяўчаты паслухаюцца яго. Бо яны слухаюцца толькі сваю кіраўнічку. Але калі дзяўчаты ўсё ж наважацца прыехаць у Мінск 19 снежня, то, паабяцаў Шушкевіч, ён таксама прыйдзе на іх акцыю, каб маральна падтрымаць феменістак.


Дарэчы, Станіслаў Шушкевіч сцвярджае, што пасля прэс-канферэнцыі актывісткі FEMEN сустракалі яго апранутымі. І "ашалеў" ён проста ад іх жаночай прыгажосці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі