Перадачаў на Акрэсціна прыносяць усё больш
Еўрарадыё паразмаўляла з валанцёрам Сяргеем Сматрычэнкам, які сёння быў у ліку тых, хто прыносіў на Акрэсціна перадачы асуджаным.
Еўрарадыё: Спадар Сяргей, як выглядае абстаноўка, што яшчэ неабходна для перадач?
Сматрычэнка: “Я тут другі дзень, магу сказаць, што ўчора было больш людзей, чым сёння. У прынцыпе людзей хапае, але калі будзе больш – то перадач лішніх ніколі не бывае. На сёння прынеслі некалькі дзясяткаў перадачаў. Літаральна зараз апошнія даносім, да 18.00 прыём перадачаў у пастарунку. Калі ёсць на камеру хаця б штукі тры-чатыры перадачы – гэта ўжо нешта. Адзін мінус, што тут не бяруць зусім харчы, а харчаванне, як вядома, на Акрэсціна не самае лепшае. Але хоць нейкія сродкі гігіены, газеты, кніжкі. Асабліва бракуе кніжак, дарэчы, бо заняцца там асабліва няма чым, пачытаць – усмак было б, але кніг пакуль няма амаль што”.
Еўрарадыё: А з чым звязана тое, што не бяруць прадукты?
Сматрычэнка: “На дзвярах ізалятара вісіць спіс таго, што яны бяруць. У гэтым спісе няма прадуктаў харчавання. Такое было і ўзімку, таксама тут не бралі, хаця на Скарыны, дзе сядзелі дзяўчаты, там узімку нейкія прадукты бралі. Разам з тым у 2006 годзе, як тут расказваюць знаўцы, тут хатнюю цёплую ежу нават насілі і прымалі. Ну а цяпер такія ўмовы”.
Еўрарадыё: Якія людзі прыносяць перадачы? Гэта блізкія і родныя асуджаных ці проста неабыякавыя людзі?
Сматрычэнка: “Самыя розныя. Ёсць пару дзясяткаў валанцёраў, якія прыходзяць і проста камусьці прыносяць, каму яшчэ не перадавалі сваякі або сябры сёння. Ну і ёсць натуральна бацькі, сёстры, сыны”.
Еўрарадыё: А як вы асабіста для сябе прынялі рашэнне, што вашая дапамога патрэбная?
Сматрычэнка: “Такое рашэнне кожны для сябе сам прымае. Я чалавек адносна вольны ў тым сэнсе, што я не завязаны працай ад 8 да 18 ўмоўна кажучы на пэўным месцы, таму я магу распісваць свой дзень па-свойму. А калі я магу неяк дапамагчы, то чаму не? Тым больш што ў мяне ёсьць сякі-такі досьвед яшчэ з зімы валанцёрства падобнага. Захаваліся кантакты, сувязі. Тут яшчэ патрэба ёсць у машынах, ахвотных кіроўцах, якія маглі б з’ездзіць у краму, закупіць, прывезці нешта.
Еўрарадыё: Наколькі вялікі рэзерв валанцёрскіх рук? Як доўга людзі яшчэ вытрымаюць дапамагаць?
Сматрычэнка: “Я думаю, што вытрымаюць. Нават у параўнанні з учорашнім днём, гэта ўсё пашыраецца. Другі дзень фактычна актыўна носім перадачы і колькасць такіх людзей павялічваецца і калі далей будзе неабходнасць і калі будзе медыападтрымка, скажам праз блогі ці яшчэ дзесьці, пра гэтыя акцыі, то людзі пойдуць”.