Зоя Дрозд: Сына тры гадзіны ўгаворвалі падпісаць ліст

Аляксандр, брат Арцёма Грыбкова, распавёў Еўрарадыё, што нічога пакуль не ведае пра яго магчымае вызваленне. Ён адзначыў, што брат ніколі не казаў і не пісаў, што збіраецца пісаць просьбу аб памілаванні.

 Спадарыня Ганна, маці палітвязня Сяргея Казакова, распавяла Еўрарадыё: сын ніколі не казаў, што збіраецца падпісваць просьбу аб памілаванні. Ён ніколі не пісаў ёй, што яму ў зняволенні фізічна ці маральна цяжка. Таму, калі даведалася пра гэты спіс, адразу падумала, што сына там не можа быць. Сёння Ганна Казакова патэлефанавала ў калонію і ёй сказалі, што сын прыедзе найхутчэй у панядзелак.

Зоя Дрозд, маці Змітра Дразда, пацвердзіла, што сын знаходзіцца ў спісе 9 палітвязняў, якіх памілаваў кіраўнік дзяржавы. Паводле яе слоў, у бабруйскую калонію прыязджалі нейкія людзі. "Дзіму 3 гадзіны ўгаворвалі. Ён доўга не пагаджаўся... І ён, і іншыя падпісалі гэты ліст", — сказала Зоя Дрозд. Яна мяркуе, што Змітра і іншых вызваляць "сёння-заўтра".

110812 Drozd site.mp3

Еўрарадыё: Ад каго вы даведаліся пра тое, што вашага сына памілавалі?
Дрозд: “Мне ўчора патэлефанавала яго добрая знаёмая Воля і сказала, што ў інтэрнэце прачытала, што 9 чалавек памілавана, але спісаў яшчэ няма. Канешне, у мяне адразу ў сэрца закралася надзея, што сярод гэтых людзей будзе і мой сын. А сёння ранкам мне патэлефанаваў Максім і сказаў, што ў гэтых спісах ёсць мой сын і яшчэ Сяргей Казакоў. Мяне адразу так затрэсла, я нават не магла сказаць слова, я не паверыла ў сваё шчасце. Пакуль яго няма дома і я не ўпэўнена ў гэтым... Кажуць, што не так хутка прыедуць — дзень-два трэба чакаць. Яго знаёмы ўжо паехаў у Бабруйск, там ужо дакладна ўсё даведаецца, як і што. Калі што, то я яго сёння прывязу”.

Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што асобы, якія памілаваныя, што яны самі пісалі просьбы аб памілаванні да кіраўніка нашай краіны. Ці вы нешта ведаеце пра тое, што ваш сын пісаў?
Дрозд: “Гэта было зусім не так. Да іх саміх прыехалі людзі і недзе майго Дзіму тры гадзіны ўгаворвалі, ён не пагаджаўся доўга, ён у мяне ганарлівы чалавек. Пасля, калі я прыехала на спатканне, ён пабачыў, якая я стала худая, то ён сказаў: “Мама, я не мог цябе больш дабіваць, я падпісаў гэтае пісьмо”.

Змітру Дразду 38 гадоў. Паводле адукацыі — архівіст. Летась ён выдаў кнігу "Землеўладальнікі Менскай губерні 1861-1900". Падчас выбарчай кампаніі Дрозд уваходзіў у каманду кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. У траўні быў асуджаны на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыма па справе Плошчы.

Як паведаміла ў жывым эфіры Еўрарадыё жонка Аляксандра Класкоўскага Наталля, пра вызваленне мужа яна нічога не ведае. Сам ён раней ёй казаў, што пісаць просьбу аб памілаванні не будзе. Паводле яе слоў, не пісалі такога ліста і сваякі Аляксандра.

110812 Klaskouskaja site.mp3

***

Сталі вядомыя прозвішчы некаторых памілаваных палітвязняў. Усе яны адбывалі пакаранне ў Бабруйскай калоніі. Сярод іх Зміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Андрэй Пратасеня. Верагодна, што сярод памілаваных  таксама Уладзімір Лобан і Аляксандр Класкоўскі. Інфармацыя пра апошніх ўдакладняецца, паведамляюць праваабаронцы з “Вясны”.

Нагадаем, што рашэнне аб памілаванні было прынята кіраўніком дзяржавы на падставе просьбаў саміх палітвязняў.

На здымку: Зміцер Дрозд падчас судовага працэсу


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі