Студэнты-замежнікі называюць Скарыну “некласівай зенсінай”
І скардзяцца, што не вельмі разумеюць пра што распавядаюць на лекцыях.
Ля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў сустракаю групу кітайцаў з 5 чалавек, па-руску з іх больш-менш гаворыць адзін.
“Першы курс, я музыкант, саксафаніст”.
Еўрарадыё: А вам лекцыі чытаюць на якой мове?
Студэнт з Кітаю: Усё добра… Не вельмі разумею.
Астатнія пяць чалавек таксама студэнты з Кітаю, па-руску ніхто з іх не гаворыць. Адзін дэлегат на ўсіх.
На прыступках філалагічнага факультэта БДУ заўважаю двух студэнтаў з Кітаю. Паляць на перапынку перад лекцыяй. Пытаюся, як вучацца.
“Акрамя рускай мовы ўсё складана. Спецыяльнасці складаныя, напрыклад, матэматыка, паліталогія”, — з цяжкасцю гаворыць студэнт Ван Давэй. Амаль кожнае пытанне паўтараю двойчы, каб ён зразумеў.
Хлопец прыехаў з Кітаю 3 гады таму. Цяпер вучыцца на другім курсе філалагічнага факультэта. Студэнт прызнаецца: рускую мову яны з сябрам Го Чэнем ведаюць слаба.
“Не вельмі добра, не вельмі…”
Еўрарадыё: А з кім вы вучыцеся?
Ван Давэй: Разам кітайскія студэнты і студэнты з Туркменістану.
Лекцыі хлопцы слухаюць з беларусамі і нават спрабуюць весці канспекты. Цікава, якім чынам — з такім-то веданнем мовы.
Бліжэй да ўваходу на філалагічны факультэт БДУ сустракаю яшчэ аднаго студэнта з Кітаю. Рускую мову той ведае значна лепш.
“Усё добра разумею, не вельмі складана. Мне вельмі падабаецца тут вучыцца. Можа, таму, што шмат вучыў мову на падрыхтоўчым аддзяленні”.
У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце цяпер навучаецца больш за 200 замежнікаў. У асноўным з Туркменістану, тлумачаць у дэканаце па працы з замежнымі студэнтамі.
Тут жа ля ўваходу сустракаю юнака, які прыехаў вучыцца з Туркменіі. Ён толькі год у Беларусі, але ўжо называе сваю спецыяльнасць.
“Распрацоўка і эксплуатацыя нафты і газу”, — гаворыць юнак і дадае, што пакуль рускую мову ведае “больш-менш”. Але калі я працягваю задаваць пытанні, перапыняе і кажа, што наогул не размаўляе па-руску.
У Тэхналагічным універсітэце замежныя студэнты вучацца разам з беларусамі, асобных групаў няма. А тыя, хто па-руску не разумее, ідуць вучыцца на падрыхтоўчыя курсы.
Каля Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стаяць два студэнты з факультэта прыродазнаўства. Хлопцы з Беларусі, вучацца на другім курсе, з імі разам навучаюцца два туркмены.
“У іх з гаворкай яшчэ праблемы, хаця яны добрыя хлопцы. Ім паблажкі вялікія, напрыклад, калі лекцыі былі па-беларуску, яны наогул нічога не разумелі”.
Выкладчык Інстытута журналістыкі БДУ Арцём Кавалеўскі выкладае ў замежнікаў на першым курсе тэорыю літаратуры.
“Яны вельмі слаба ведаюць рускую мову. Працаваць з імі цяжка, бо шмат чаго не разумеюць. Таму даводзіцца выкручвацца, прыдумляць ім творчыя заданні, каб яны хоць штосьці рабілі”, — скардзіцца Арцём Кавалеўскі.
На думку Арцёма, лепей каб у замежнікаў выкладалі адмысловыя спецыялісты. Бо часам здараюцца… ну вельмі кур’ёзныя выпадкі.
Арцём Кавалеўскі: “Была ў мяне паштоўка, з выявай Скарыны. Я дастаю паштоўку, паказваю і пытаюся:”Хто там выяўлены?”. Яны ўглядаюцца і адказваюць: ”Зенсина”. Я спачатку не зразумеў, перапытаў: “Якая "зенсина"?” Яны зноў паўзіраліся і адказваюць: “Некласивая зенсина”.
З такімі ведамі замежнікі мусяць часта хадзіць на пераздачы. Праўда, выганяць іх з ВНУ не выгадна, бо за навучанне яны плацяць у два разы больш за беларусаў.
Фота: www.smolensk2.ru