TIBO: "Гарызонт" зрабіў 3D-тэлевізар, але абяцаныя планшэты не з'явіліся

У Мінску пачаўся інфармацыйны форум "ТІБО-2013". На стэндзе "Гарызонт" планшэтаў, якія былі летась, сёння няма. Але кампанія абяцае, што ў продажы яны будуць увосень. На TIBO-2012 Еўрарадыё таксама абяцалі, што набыць планшэт ад "Гарызонта" можна будзе праз год:


"Вытворчасць практычна падрыхтаваная, але выпускаць пачнем бліжэй да сезону. Лета ж — перыяд спаду, таму зараз выводзіць прадукт на рынак няма сэнсу".


Затое выставілі тэлевізары Sharp і Toshiba. Кажуць, яны збіраліся на "Гарызонце" па замове для продажу ў Расію. У Беларусі гэтыя тэлевізары прадаваць не будуць, на выставе паказалі. Побач заўважаю вопытную мадэль першага беларускага 3D-тэлевізара са SmartTV.


"Smart — гэта патэнт кампаніі Samsung, таму гэта не зусім Smart, а з доступам у інтэрнэт. Ён на Android 4.0, падключаецца бесправадная клавіятура і мышка".


Тое, што на платформе Android, — хіба толькі плюс, сістэма бясплатная, можна ставіць усе праграмы з Google-маркета.
Пакуль гэта мадэль 3D зробленая да выставы. Пачаць выпускаць тэлевізары плануюць у канцы лета. Экран у яго 42 цалі, пасіўна тэхналогія 3D. Разгортка экрана 50Hz. Каштаваць такі будзе каля 6,5 мільёна (каля 750 долараў).


Еўрарадыё спрабуе параўнаць кошт з імпартнымі тэлевізарамі. Але знайсці такі самы замежны аналаг не атрымліваецца.

Знаходзім LG 42LM620S амаль з такімі ж характарыстыкамі, толькі з большай разгорткай экрана — 400Hz. На "Анлайнеры" каля 710 долараў.

А моладзь адразу акупіравала стэнд "World of Tanks".


"Прыйшоў адзін з галоўных адміністратараў, і ўсе жадалі задаць яму пытанні, — кажа наведвальнік выставы. — Мне спадабаліся камеры назірання. Паказвалі відэа з вуліцы, так што выдзяляюцца нумары, факусіроўка на твар, камера сочыць за рухам чалавека".


Тэхналогій для людзей не шмат. “Дзяржкартгеацэнтр”зрабіў карту Беларусі. Яна і цяпер ёсць на maps.by, але абяцаюць абнавіць у канцы вясны. Еўрарадыё паказваюць самую новую версію, даступную пакуль толькі тут:


"Зроблена па тэхналогіі opensreet, падобнай на Google Maps, але з беларускіх матэрыялаў. У аснове ляжала адкрытая 100-тысячная карта, але для населеных пунктаў бралася большага маштабу. Бралі тапапланы, адмалёўвалі будынкі і вуліцы. Цяпер хочам дадаць аэрафотаздымкі. Яны ў добрай якасці, зробленыя з самалёта, матэрыялы ёсць практычна на ўсю краіну".

А ёсць магчымасць пераключыцца нават на гістарычную карту, напрыклад, Мінск 1944 года. Карта нямецкая:

"Яна была ў фондзе, мы апрацавалі. Ёсць гібрыд — калі можна наверх накласці сучасныя вуліцы. А вось трохвярстоўка — 1870 год. Таксама інфармацыя на ўсю краіну ёсць, але апрацаваць не паспяваем".



Вось стэнд кампаніі Skytech — на прыёмніку лічбавага TV красуецца надпіс: "Зроблена ў Беларусі". Што ж прымае? Лічбавы mpeg4 сігнал, па ўсёй краіне паказвае 8 каналаў. Можна нават запісаць на флэшку!


Кампанія "Речевые технологии" прадае нейкія дзіўныя, на першы погляд, дыктафоны. Безумоўна, цікаўлюся:"Яны для запісу ў складанай акустычнай сітуацыі і без падрыхтоўкі. Ёсць мадэль "нана", а гэта "007". Асноўныя замоўцы — сілавікі. Прэса набывае, але не так шмат".


Кажуць, што на такі дыктафон не зрэагуе рамка металадэтэктара, яго немагчыма заглушыць.


"Лічбу" складаней заціснуць, чым "аналаг". Але ціснуцца самі мікрафоны, калі корпус і мікрафон не экраніраваныя. Тут экран, і складана заціснуць перашкодамі. Можна толькі вельмі дарагой тэхнікай, і яе не выкарыстоўваюць з-за вялікага выпраменьвання".



Дыктафон падпісвае кожную фанаграму адкрытым лічбавым ключом: калі нехта яе зменіць, то на камп’ютары можна будзе ўбачыць, што адбыліся нейкія маніпуляцыі.


На стэндзе "Інтэграла" Еўрарадыё прыгадваюць старую крыўду. Некалькі гадоў таму ў інтэрнэце з'явіліся фота манітора з налепкай "Інтэграл", якой закрылі лагатып іншай кампаніі. Гэта стала мемам:

"Моладзь у мяне пытаецца: а што ж вы так наклейваеце? — крыўдзіцца супрацоўнік “Інтэграла”. — Але такога няма! Гэта наша зборка. Так, элементы пастаўляюцца з-за мяжы. Але тут паяюць, вараць. Гэта ж не так, што купілі экран гатовы і налепку наляпілі. Я лічу, што журналісты тады проста накпілі з “Інтэграла”. Куплялася гатовая пластмасса, ліццё. А, можа быць, куплялі гатовы корпус, а там недзе была абрэвіятура замежная".


Сёлета на стэндзе "Інтэграла" мікрасхемы. Іх закупляюць расіяне, для космасу і “абаронкі”. На гандлі з Расіяй завод мае 70 мільёнаў долараў, каля 35 мільёнаў —з Паўднёва-Усходняй Азіі. У Беларусі прадукцыю “Інтэграла” набываюць на мільён долараў.

Па выхадзе спрабую набыць вадзічкі ў мясцовым "кафэ", але банкаўскую картку на інфармацыйным форуме… не прымаюць.

 

Дыктафон — мадэль 007


SHARP — "Зроблена ў Беларусі"


Прыёмнікі ад "Прамсувязь"

Нямецкая карта Мінска 1944 года

Прымае такая антэна ажно 8 каналаў у лічбавым фармаце

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі