Толькі спецыяліст зможа адрозніць сучасны і аўтэнтычны слуцкі пояс
Хутка прыедзе станок з Нямеччыны, на якім будуць ткаць паясы, што нельга адрозніць ад старажытных слуцкіх.
На фота — Барыс Лазука паказвае слуцкі пояс, з якога будуць рабіць копію
"Пояс максімальна набліжаны да арыгінала, які знаходзіцца ў нашым музеі, будзе створаны ў пачатку — сярэдзіне снежня гэтага года. І грамадскасць, не гаворачы пра кіраўніцтва дзяржавы, зможа на ўласныя вочы пераканацца ў яго аўтэнтычнасці, падабенстве: калі на стале будзе ляжаць пояс XVIII стагоддзя і пояс, выраблены ў Слуцку цяпер", — кажа Барыс Лазука, дырэктар Музея гісторыі Акадэміі навук.
Як стала вядома Еўрарадыё, з Нямеччыны ўжо едзе сучасны станок для слуцкай фабрыкі. На ім будуць ткаць паясы, якія не спецыялісту нельга будзе адрозніць ад старажытных слуцкіх. Так прынамсі гавораць у Музеі гісторыі.
Пакуль жа ў Барысаве стварылі копіі слуцкага пояса.
"Гэта вышыўка, выкананая па фота слуцкага пояса XVIII века з кніжкі "Стары касцёл". Наш мастак павялічыў гэты здымак, каб чытаўся малюнак, і зрабіў дакладную копію. Ад фота пояс нічым не адрозніваецца. Гэта фрагмент пояса — сувенір. Адно пано — гэта кветка, галава слуцкага пояса, другое — сярэднік, такіх было дзевяць на поясе", — кажа начальніца ткацкага цэху Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Таццяна Шастухіна.
Каштуюць гэтыя два фрагменты каля 2,3 мільёна рублёў. Паасобку: 900 тысяч за малы і 1,3 мільёна за вялікі. Шырыня, як у сапраўднага слуцкага пояса, — 35 сантыметраў, даўжыня — 85 і 25 сантыметраў. Таксама ў Барысаве зрабілі паменшаную копію слуцкага пояса.
"Адзін бок светлы, для вяселляў, другі цёмны, для пахаванняў. Мы зрабілі зменшаную копію, бо ў арыгінале цяжка і дорага. Адзінае што — ён вельмі тоўсты, і завязаць яго не атрымаецца. Гэта толькі сувенір. Але ў яго выгляд слуцкага пояса", — распавядае Таццяна Шастухіна.
"Яны былі прэзентаваныя значным людзям, не толькі з Беларусі. Кошт да 5-6 мільёнаў, залежыць ад памераў і складанасці. Калі прывязуць новую машынку, стане танней і па якасці лепей", — кажа дырэктар барысаўскага камбіната Рыгор Шэміт.
Паспрабавалі ў Барысаве зрабіць пояс, тканы на ручным станку, але ён пакуль вельмі далёкі ад арыгінала, самі гэта прызнаюць.
"Пояс вытканы на ручным станку. Ён вельмі далёкі ад арыгінала. Адзінае, што ў яго ад слуцкага пояса, — ён двайны", — гаворыць Таццяна Шастухіна.
Яго пакуль няма ў продажы і ён амаль у два разы вузейшы за арыгінал.