Трапічны бас у Мінску: поўнач адчуваецца, але людзі галодныя да музыкі!
На вечарыне ад Еўрарадыё і 34mag трашчаў клуб і людзі танчылі да апошняй секунды.
У чацвер 13 кастрычніка мы прапанавалі ўсім пазнаёміцца з новымі для Беларусі рытмамі – трапічным басам (гета-фанк, кудуру, кумбія). Для гэтага запрасілі дыджэяў-беларусаў з Вільні, дамовіліся з барам “Малако” за 2 дні да ягонага закрыцця, зрабілі вольны ўваход і... Чакалі.
А дакачакаліся таго, што людзей набегла столькі, што хапіла бы на 5 ці 6 такіх бараў. Гэта і добра і дрэнна. Добра, што людзі зацікавіліся. Дрэнна, што не ўсе змаглі патанчыць, як мае быць, ці ўвогуле сышлі, бо не знайшлі сабе месца пад трапічным мінскім сонцам.
Дыджэі, дарэчы, былі ў шоку ад мінскай публікі. Яны параўналі яе з літоўскай, для якой звычайна і круцяць трапічны бас:
Карней: “Тут жывей атрымалася. Больш людзей. Бачна, што людзі галодныя да музыкі!”
Андрэй з Stereobeaver: “Мне спадабаліся людзі. Паглядзіце, яны прыйшлі, яны тусуюцца, яны ў захапленні. І я ў захапленні ад гэтага”.
Што праўда, хлопец па мянушцы Верасень, які аб’ездзіў спынам усю Амерыку і бачыў арыгінальныя гета-вечарыны , кажа, што атмасферу ў “Малаке” было не параўнаць з аўтэнтычнай: “Там публіка зусім іншая, больш падвіжная, больш чорная, больш цікавая. А тут поўнач робіць сваю справу. Але тым не менш тут усё роўна цікава. Крута, што такое адбываецца ў Беларусі”.
Прыемна было пабачыць на вечырыне і самую маленькую неведвальніцу – гадавалую Барбару.
Вольга, маці Барбары: “Гэта яе першая паці ў жыцці! І мяркуючы па тым, што яна не плакала, а танчыла ўвесь час разам з бацькамі – робім выснову, што ёй спадабалася!”
Хацелася б, каб трапічны бас усё ж прыжыўся ў нашых умераных шыротах. Нам падалося, што вам гэтага таксама хочацца.
Наведнік Жэня: “Я думаю, што ў Мінску мусяць быць усе магчымыя рытмы, і толькі выбар людзей пакажа, якія з іх прыжывуцца”.
Наступныя вечарыны ад Еўрарадыё і 34mag будуць ужо не ў Мінску, а ў якім-небудзь абласным цэнтры. Чакайце – і дачакаецеся!