Цела расстралянага не выдаюць сваякам па НКВДшнай інструкцыі 1930-х

120319 Svjardlou Pakaranne_2.mp3

Канавалаў і Кавалёў расстраляныя да таго, як іх скаргу паспелі разгледзець у Камітэце ААН па правах чалавека. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці чакалі б вердыкту з міжнародных інстытуцыяў каты з бліжэйшых суседзяў Беларусі — Расіі і Украіны.

“Працэдура індывідуальных скаргаў у міжнародныя судовыя інстанцыі ніяк не ўплывала на выкананне прысудаў. У тым ліку, не зважаючы ні на што, выконваліся і прысуды аб смяротным пакаранні”, — гаворыць Алег Лявіцкі, юрыст украінскага "Хельсінскага саюза па правах чалавека".

Ва Украіне мараторый на смяротнае пакаранне ўвялі з 1997 года, праз тры гады яно наогул было скасаванае. У Расіі смяротнае пакаранне апошні раз адбылося ў 1996 годзе, мараторый дзейнічае з 2 лютага 1999 года.

“Я не памятаю ніводнага выпадку, калі ў Расіі асуджаныя на смерць падавалі скаргі ў ААН. Гэта тлумачыцца тым, што ў Расіі ніводны смяротны прысуд не быў матываваны палітычна, таму яны не мелі ніякага грамадскага гучання. Смяротнае пакаранне ўжывалася выключна па крымінальных саставах злачынстваў. Таму ўсе пытанні вырашаліся ўнутры краіны”, — распавядае Віктар Коган-Ясны, старшыня расійскай грамадскай арганізацыі “Рэгіянальная грамадская ініцыятыва — права на жыццё і грамадзянскую годнасць”.

Што праўда, беларусам асабліва няма куды скардзіцца на судовыя прысуды, нават калі іх справы і маюць “грамадскае гучанне”.

“Праблема Беларусі ў тым, што яна нікуды не ўваходзіць. Ні перад кім ніякіх абавязальніцтваў няма. І грамадскае гучанне справы Канавалава і Кавалёва разам з магчымым палітычным падтэкстам. Таму і такія незвычайныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Ну, а куды яшчэ скардзіцца, калі Беларусь нікуды больш не ўваходзіць?”— здзіўляецца Віктар Коган-Ясны.

Алег Лявіцкі сцвярджае, што асабісты зварот у ААН па перагляд смяротнага пакарання — справа бесперспектыўная. Ён амаль ніколі не прыводзіць да змякчэння прысуду:

“Вельмі скептычна стаўлюся да таго, што Камітэт ААН [па правах чалавека. — Еўрарадыё] зафіксуе парушэнне артыкула Еўрапейскай канвенцыі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні ў сувязі са смяротным пакараннем. Бо яно ўжываецца ў добрай палове краінаў — удзельніц ААН. У тым ліку і ў ЗША, якія з’яўляюцца адным з галоўных спонсараў арганізацыі”, — канстатуе юрыст.

У 2010 годзе Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта апытвае беларусаў наконт іх стаўлення да смяротнага пакарання. Супраць вышэйшай меры выказваюцца толькі 4,5% апытаных. Тых, хто падтрымлівае такое пакаранне, у 20 разоў больш: 79,5%. Адзін з галоўных аргументаў — пагроза смерці стрымлівае рост злачыннасці.

З дакладу “Глабальнае даследаванне забойстваў у 2011”, падрыхтаванага Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці, вынікае, што колькасць забойстваў у Беларусі апошнім часам змяншаецца: забіваюць у сярэднім 4,9 чалавека на кожныя 100 тысяч. Але ў суседняй Украіне, дзе смяротнае пакаранне адмененае амаль 12 гадоў, забойстваў яшчэ менш: 4,8 на 100 тысяч!

Зварот у ААН можа дазволіць хіба што адтэрмінаваць выкананне прысуду. На думку Віктара Когана-Яснага, Пан Гі Мун дакладна мусіў прасіць беларускага прэзідэнта адтэрмінаваць расстрэл Канавалава і Кавалёва.

Віктар Коган-Ясны: “Генеральны сакратар ААН у сітуацыі з Канавалавым і Кавалёвым мусіў сакрэтна тэлефанаваць Лукашэнку і прасіць яго аб адтэрміноўцы выканання смяротнага прысуду. Патрабаваць, настойваць. Цалкам магчыма, што гэта і было, бо тэлефанаванні генеральнага сакратара ААН трымаюцца ў таямніцы”.

Гэты парадак мае назву “good offices”, удакладняе праваабаронца. Але зараз ужо вядома: нават калі Пан Гі Мун і тэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку, той яго не паслухаў.

Так сама, як і ў Беларусі, у Расіі і ва Украіне родным не паведамлялі ні пра дакладную дату расстрэлу, ні пра месца пахавання чалавека, пакаранага смерцю.

“Гэты парадак быў прыняты вельмі даўно, яшчэ пры бальшавіках. Інструкцыя стандартная, распрацаваная ў 1930-я гады ў НКУС. Так што ў пытаннях смяротнага пакарання Беларусь засталася далёка ў савецкім часе”, — з сумам канстатуе Віктар Коган-Ясны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі