У Быхаве звольнілі міліцыянта, які сфальсіфікаваў адміністрацыйную справу

Пра звальненне свайго ўчастковага міліцыянта Віталя Вашчылы жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок дазнаўся падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў, які вёў асабісты прыём у Быхаве.

Туды ён хадзіў, каб у чарговы раз давесці да ведама міліцэйскіх чыноўнікаў, што такія людзі, як ўчастковы Віталь Вашчыла не могуць працаваць у міліцыі, бо ўзгаданы міліцыянт працуе несумленна. Больш таго, ягонае начальства не прадпрымае ніякіх захадаў, каб пакараць міліцыянта за супрацьпраўныя дзеянні. Расказвае Аляксандр Шачанок:

“Калі я быў на прыёме ў міністра ён апытваў мяне. Падчас нашай размовы ён сказаў, што мой ўчастковы ўжо не працуе — яго знялі з пасады. Наколькі гэта дакладна — я яшчэ не ведаю, бо ніякіх пісьмовых адказаў ад іх не атрымліваў”.


У Быхаўскім РАЎСе пацвердзілі, што Віталь Вашчыла сапраўды болей не працуе ў міліцыі, аднак Аляксандр Шачанок не збіраецца проста так развітвацца з нядобрасумленным міліцыянтам і хоча, каб супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа.

Дагэтуль ён ужо тройчы звяртаўся ў пракуратуру магілёўскай вобласці, аднак справа ў дачыненні Віталя Вашчылы так і не была заведзеная. Звярнуўшыся ў чацвёрты раз ў пракуратуру ён яшчэ не атрымаў ніякага адказу. Працягвае Аляксандр Шачанок:

“Напісаў зноўку ў пракуратуру вобласці, дык яны зноўку адправілі маю скаргу ў Быхаўскі следчы камітэт, таму самаму следчаму, якому я даваў адвод. Ад самога следчага мне прыйшоў ліст, у якім ён паведамляе, што факты ў дачыненні да Віталя Вашчылы правяраюцца, і пасля гэтага ён мне дасць пісьмовы адказ”.


Быхавец спадзяецца, што пасля звальнення міліцыянта крымінальная справа на яго ўсё ж такі можа быць заведзеная, бо калі яго прызналі ўжо вінаватым, то павінны пакараць па ўсіх артыкулах Закона.

Праваабаронца Барыс Бухель такім вынікам задаволены. Ён кажа, што паклёпніцкая інфармацыя, якая раней была размешчаная на сайце Магілёўскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў у дачыненні да яго і справы Аляксандра Шачанка, не вытрымала крытыкі, бо ў рэшце рэшт і суд і Закон сталі на бок апошняга, а нядобрасумленны міліцыянт быў звольнены з органаў. Каментуе праваабаронца Барыс Бухель:

“Была інфармацыя на сайце УУС “Каго абараняе праваабаронца Барыс Бухель?” У выніку міліцыянты самі вінаваты, што далі неправераную інфармацыю і самі дапусцілі памылкі”.


Нагадаем, што ўчастковы Віталь Вашчыла за фальсіфікацыю адміністратыўнай справы ў дачыненні да Аляксандра Шачанка атрымаў спачатку вусную вымову. Шачанка абвінавацілі у тым, што ён, нібыта, збіў сваю суседку, аднак справа ў судзе развалілася, бо адсутнічала сама заява пацярпелай. Аб тым, што на Шачанка складзены пратакол, ён даведаўся толькі падчас судовага разбіральніцтва. У судзе ён заявіў, што запіс і подпіс пад пратаколам былі зробленыя не яго рукой. Экспертыза почырку гэта пацвердзіла. Ужо пазней несумленны міліцыянт у прысутнасці свайго начальніка прызнаўся ў здзейсненым.

Рубрыка "Ты можаш" спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі