У чарнобыльскіх раёнах людзей будуць утрымліваць заробкам
У раёнах Гомельскай вобласці, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, плануецца максімальна развіваць вытворчасць.
Як паведаміў 28 сакавіка старшыня Гомельскага аблвыканкама Ўладзімір Дворнік, у адпаведнасці з дзяржпраграмай развіцця постчарнобыльскіх раёнаў выдаткоўваецца больш за 600 млрд. рублёў.
Новы акцэнт — развіццё вытворчасці, бо нават бясплатнае жытло не ўтрымлівае людзей у такіх раёнах. "Практычна кожнаму чалавеку, які прыязджае ў такой раён, будуецца новы дом. Але больш за паўгода чалавек у гэтым доме не жыве — з'язджае, а дом застаецца пуставаць. Новаму ж чалавеку будуецца новы дом", — апісаў сітуацыю Дворнік.
"Тое, што неабходна — газ, чыстая вада, дарогі, добраўпарадкаванне, — мы будзем працягваць у гэтых раёнах. Але каб зацікавіць чалавека, трэба даць яму годна зарабіць", — падсумаваў кіраўнік вобласці, паведамляе БелаПАН.